У Расеі мужчыну асудзілі на 25 гадоў за намер падпаліць ваенкамат

Другі акруговы вайсковы суд у Новасібірску асудзіў 24-гадовага Іллю Бабурына на 25 гадоў зняволення: 5 гадоў турмы і яшчэ 20 – калоніі строгага рэжыму, піша Бі-Бі-Сі. Мужчыну прызналі вінаватым у спробе падпаліць ваенкамат, а таксама ў дзяржаўнай здрадзе і замаху на тэракт.

Ілля Бабурын на судзе. Новасібірск, Расея. 16 траўня 2024 года. Фота: Зона солидарности / Telegram

Іллю Бабурына затрымалі 22 верасня 2022 года – на наступны дзень пасля абвяшчэння ў Расеі частковай мабілізацыі. Мужчыну абвінавацілі ў намеры падпаліць «нявызначаны» ваенкамат нібыта на заданне ўкраінскага батальёну «Азоў». Сцвярджалі, што Бабурын знайшоў двух выканальнікаў і перадаў ім бутэльку з «кактэйлем Молатава».

Бабурын не прызнаў віны, але не адмаўляў, што перадаў бутэльку. У апошнім слове казаў, што прызнае сябе вінаватым толькі ў спробе хуліганства.

Паводле адваката, супраць мужчыны ўчынілі правакацыю: знаёмы Бабурына спачатку звярнуўся ў Федэральную службу бяспекі, пасля стаў угаворваць мужчыну перадаць яму бутэльку з запальнаю сумессю.

Пазней Бабурыну дадалі абвінавачванне ў падпале дзіцячай музычнай школы. Гэты падпал сапраўды адбыўся 1 ліпеня 2022 года, але абвінавачванне грунтавалася толькі на тым, што ў Бабурына на тэлефоне знайшлі відэа падпалу нейкага будынку, падобнага да той школы. Экспертызы відэа не ладзілі, доказаў таго, што відэа зняў Бабурын, не прыводзілі. Падпал кваліфікавалі як тэракт, хоць ад яго ніхто не пацярпеў, а шкоду ацанілі толькі на дзве сотні долараў. Падазраваны адмаўляў сваю віну.

На падставе знаёмства з байцамі «Азова» Бабурына абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе, удзеле ва ўзброеным фармаванні і тэрарыстычнай арганізацыі, што ён адмаўляў. На падставе таго, што мужчына набыў GPS-маячок для сачэння за машынай, якую збіраўся здаваць напракат, яму дадалі абвінавачванне яшчэ і ў нелегальным абароце тэхнікі для негалоснага сачэння.

Бабурын жыў у Новасібірску, працаваў у IT і шмат падарожнічаў, у тым ліку ва Украіну, дзе жыла ягоная жонка. Апошні раз ён быў ва Украіне ў кастрычніку 2021 года, да пачатку поўнамаштабнай вайны. Там і завёў знаёмых, якія ўжо пасля пачатку поўнамаштабнай вайны далучыліся да «Азова».

Як расказвае «Doxa», Бабурына неаднаразова катавалі: канваіры білі яго ў мікрааўтобусе па дарозе да следчага і скакалі на ім; у зняволенні кінулі ў «псіхаізалятар», дзе трымалі голым пад відэаназіраннем і не выводзілі ў прыбіральню; кідалі ў карцар на 18 дзён – на тры дні больш за максімальны законны тэрмін; у СІЗА не выдавалі матраца, падушкі і бялізны.

Прысуд Бабурыну – рэкордны ў падобных справах. Папярэдні рэкорд за падпал у Расеі – 19 гадоў калоніі. Колькасць такіх справаў пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне істотна вырасла. Акрамя таго, у Расеі нядаўна ўзмацнілі пакаранне за дзяржаўную здраду: яшчэ на момант затрымання Бабурына максімальным пакараннем было 20 гадоў пазбаўлення волі, з вясны 2023-га стала пажыццёвае зняволенне.

У Расеі затрымалі беларускага доктара Уладзіміра Мартава

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны