Напад на Беларусь – адкуль інфармацыя ў Сахашчыка і што з ёй не так?

Да журналістаў «Белсату» трапіў ліст на бланку Дэпартаменту Нацыянальнай Бяспекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінету за подпісам Валерыя Сахашчыка, дзе напісана, што ёсць інфармацыя пра планаваныя напады на абʼекты крытычнай энергетычнай інфраструктуры Беларусі.

Валер Сахашчык падчас грамадскіх слуханняў прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета у Каардынацыйнай радзе Беларусі. Варшава, Польшча. 2 жніўня 2023 года. Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Нібыта беларусы з Літвы і Польшчы, якія звязаныя з «Паспалітым Рушаннем» і «Ліцвінамі» (дабраахвотніцкае абʼяднанне беларусаў ў Літве) рыхтуюць ударны беспілотнік для таго, каб атакаваць абʼекты энергетычнай інфраструктуры ў Беларусі. Валеры Сахашчык пацвердзіў, што гэты ліст сапраўдны, але вельмі прасіў яго не публікаваць (ліст знаходзіцца ў распараджэнні рэдакцыі). Ад іншых каментароў «Белсату» ён адмовіўся.

Мы звярнуліся да арганізацыяў, якія згадваюцца ў лісце, каб высветліць, што яны пра гэта думаюць.

– Ліст ніякі не атрымлівалі. Клуб з’яўляецца афіцыйнай недзяржаўнай арганізацыяй і супрацьпраўных дзеянняў не дапускае, – адказалі «Белсату» у прэсавай службе клубу «Ліцвіны».

У прэсавай службе «Паспалітага рушэння» адказвалі крыху даўжэй:

– Мы атрымалі гэты дакумент ад сябраў (якія камунікавалі з Дэпартаментам нацыянальнай бяспекі) «Паспалітага Рушэння». Была праведзена ўнутраная праверка, якая выявіла наступныя факты: дакумент рассылаўся сапраўды ад імя Дэпартамэнту Нацыянальнай Бяспекі і падпісаны самім Сахашчыкам В.С. Дакумент не быў накіраваны кіраўніцтву «Паспалітага Рушэння», што мы палічылі вельмі дзіўнай сітуацыяй, а быў разасланы сябрам (якія мелі кантакты з ДНБ у мінулым) арганізацыі ў абыход Штабу ПР. У дакуменце заяўляецца, што яны валодаюць дакладнай інфармацыяй аб падрыхтоўцы тэракту з ужываннем дронаў на тэрыторыі Беларусі, што зʼяўляецца цяжкім злачынствам. І нібыта да дадзенай акцыі з вялікай доляй верагоднасці датычныя сябры «Паспалітага Рушэння». Мы задалі ўдакладняючыя пытанні, каб паспрабаваць ідэнтыфікаваць магчымых зламыснікаў, але адказаў не было са спасылкай на сакрэтнасць. З боку спецыяльных службаў Польшчы да нас не паступала запыту на прадстаўленне інфармацыі, выкладзенай у дакуменце ад імя ДНБ. Пасля ўнутранай праверкі, было прынятае рашэнне што гэта правакацыя ў дачыненні да «Паспалітага Рушэння». Што ўчора пацвердзіў і сам кіраўнік КДБ Церцель, заявіўшы аб спыненні нібыта атакі дронаў з боку Літвы, без прадстаўлення доказаў. Мы таксама параілі ДНБ і Сахашчыку больш старанна правяраць інфармацыю, якая паступае да іх, перш чым распаўсюджваць яе.

Паспалітае Рушэнне – гэта незалежнае, добраахвотнае аб’яднанне беларусаў мэтаю якога сумесная патрыятычная і гістарычная падрыхтоўка дзеля абароны незалежнасці Беларусі.

Адзначым, што старшыня КДБ Іван Церцель 25 красавіка заявіў, што Камітэт дзяржбяспекі разам з іншымі сілавымі структурамі апошнім часам «правёў шэраг вострых чэкісцкіх мерапрыемстваў, якія дазволілі перадухіліць нанясенне ўдараў баявымі дронамі з тэрыторыі Літвы па абʼектах у Менску і яго прадмесцях».

belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны