Ціханоўская: Трэба не дапусціць паўтарэння катастрофы і спыніць «палітычны Чарнобыль»
2024.04.26 14:16
Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская ў Вільні 26 красавіка ўсклала кветкі да помніку «Маці Чарнобылю» з нагоды 38-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
«Мы бачым вельмі абыякавае стаўленне [рэжыму ў Беларусі. – Заўвага рэд. belsat.eu] да ядравай энергетыкі. Мы бачым, як будуецца Астравецкая АЭС, няма ніякага кантролю. Мы бачым, што рэжым дазваляе размяшчаць у Беларусі ядравую зброю. Канечне, гэта вялікая пагроза новага Чарнобылю», – сказала Святлана Ціханоўская ў каментары «Белсату».
Сітуацыю ў краіне, дзе людзей забіваюць і катуюць, вымушаюць да эміграцыі, палітычная дзяячка назвала палітычным Чарнобылем: трэба прыкласці ўсе намаганні, каб не дапусціць новага паўтарэння экалагічнай катастрофы і спыніць «палітычны Чарнобыль».
У захадзе бралі ўдзел каманда Офісу Ціханоўскай і замежныя дыпламаты, беларускія актывісты, а таксама прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў, ініцыятываў і медыяў.