Ад сённяшняга дня ў Беларусі на тры адсоткі падвышаецца бюджэт пражыткавага мінімуму. Вырастуць і прывязаныя да яго дапамога для догляду дзяцей, некаторыя пенсіі ды іншыя сацыяльныя выплаты ды дапамога. Адначасова ў разы падвышаюцца падаткі для індывідуальных прадпрымальнікаў. А гэта можа прывесці да чарговага росту цэнаў.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
Сям’я Філіпа – імя змененае ў мэтах бяспекі – думае праз пэўны час адправіць маці на працу. Дзяржаўнай дапамогі ледзь хапае, каб забяспечыць дзіця самым неабходным.
«У мінулым месяцы мы атрымалі 495 рублёў, і ўся гэтая сума пайшла на харчаванне і сродкі гігіены: пялюшкі, падгузнікі…», – распавядае Філіп.
З 1 лютага дзяржава падвысіла дапамогу для семʼяў з дзецьмі да 3 гадоў, Падвышка складае ад 43,82 да 56,34 – прыкладна столькі каштуе адзін пачак дзіцячых падгузнікаў.
Ад сёння падвышаецца і бюджэт пражыткавага мінімуму. Да яго прывязаныя розныя сацыяльныя выплаты, а сама велічыня паказвае, колькі грошай чалавеку трэба на жыццё штомесяц. Паводле разлікаў дзяржавы, працоўны чалавек можа пражыць на 329,35 рублёў, а пенсіянер – на 224,1.
«Я думаю, калі паставіць эксперымент над чалавекам, то, можа, на 300 рублёў ён пражыве: бульба, макароны, крупы. Можа, доўга і не пражыве, але адразу і не памрэ», – лічыць эканаміст Леў Марголін.
Следам за ростам бюджэту пражыткавага мінімуму да сямідзесяці чатырох рублёў падвышаецца мінімальная пенсія паводле ўзросту і да ста сарака васьмі рублёў – сацыяльная пенсія.
«Такія ў нас законы, такія пенсіі, якія не забяспечваюць чалавека нават на мінімальным узроўні. Гэта праблема, якая мусіць вырашацца рэформамі», – старэйшы навуковы працаўнік BEROC Алег Мазоль.
Пакуль адным дзяржава сімвалічна падкідвае капейкі, другім істотна падвышае падаткі. З 1 лютага ў разы вырас адзіны падатак для індывідуальных прадпрымальнікаў. Напрыклад, за рамонт і тэхнічнае абслугоўванне аўтамабіляў у Менску падатак з 306 рублёў вырас да 896. А для цырульнікаў і салонаў прыгажосці са 135 рублёў – да 540.
На думку Алега Мазаля, калі сёлета дзяржава павялічыць збіральнасць падаткаў…:
«То пазней ІП або пачнуць зварочваць сваю дзейнасць, або ісці ў іншыя краіны, як, напрыклад, гэта робяць айцішнікі. І дзяржава на наступны год страціць падаткі. А па-другое, знізіць канкурэнтаздольнасць беларускай эканомікі».
Рэпетытарка англійскай мовы з Віцебску працуе як фізічная асоба, але праз рост падаткаў мусіць падняць кошт заняткаў. Рэгістраваць ІП настаўніца не плануе.
«Ходзяць чуткі, што для ІП будуць нейкія тэрміналы, па-іншаму гайкі закручваюць. І таму не, мяне задавольвае як фізасоба, як адзіны падатак, нават хай яго паднялі ў два разы, непрыемна, але перажывём і такое», – падкрэсліла рэпетытарка.
Падвышэнне падаткаў прывядзе да чарговага росту цэнаў на тавары і паслугі, падкрэсліваюць эканамісты, а гэта, у сваю чаргу, зʼесць падвышэнне сацыяльных выплатаў і пенсіяў.
Антон Каменскі, «Белсат»