Сітуацыя з карупцыяй у Беларусі пагаршаецца

Тур Аляксандра Лукашэнкі ў Зімбабве працягваецца. І гарачы афрыканскі прыём таксама.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Менск цяпер – пабрацім Харарэ, а дзяржаўныя медыі рапартуюць пра падпісанне кантрактаў на пастаўкі ў афрыканскую краіну беларускіх трактароў ды іншай тэхнікі і абсталявання.

Трактары – не першае, што збіраецца прадаваць Лукашэнка ў адну з найбяднейшых краінаў свету. Летась у Зімбабве выбухнуў карупцыйны скандал. Прычына – пастаўкі пажарнай тэхнікі з Беларусі з завышанымі цэнамі. Зрэшты, Зімбабве – краіна моцна карумпаваная. У новым рэйтынгу «Transparency International» новыя сябры Лукашэнкі – на 157 месцы са 180.

Індэкс успрыняцця карупцыі вылічваецца на падставе апытанняў міжнародных экспертаў, прадпрымальнікаў і праваабаронцаў. Беларусь у гэтым спісе прыкладна ў сярэдзіне – на 91 месцы, побач з Тунісам, Калумбіяй і Малдовай, з індэксам 39. Але за апошнія два гады мы скаціліся ў карупцыйным рэйтынгу на восем пазіцыяў.

«Гэтая карупцыя ідзе з самага верху: ад сыноў Лукашэнкі, ад іншых яго хлапцоў, дружбакоў у хакеі. І не трэба нейкіх ілюзіяў, што мы недзе ў сярэдзіне спісу. Карупцыя ў нас меншая, чым яна ў Расеі, бо няма такіх алігархаў, якія крадуць грошы. Але беларусам ад гэтага ніяк не лягчэй», – кажа прадпрымальнік, блогер і аўтар праграмы «Атмасфера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч.

Барацьба з карупцыяй – важная частка праграмы, з якой Лукашэнка ішоў на свае першыя прэзідэнцкія выбары ў 1994 годзе.

У выніку: карупцыя там, дзе і была. Галоўная ж праблема ў тым, што ў Беларусі няма грамадскага кантролю і ўплыву грамадства на тых жа чыноўнікаў, зазначае палітык Анатоль Лябедзька:

«Беларусь сёння – не парламенцкая краіна, яна не прэзідэнцкая, яна краіна вельмі спецыфічная, дзе ў адной асобы, у аднаго клану, ёсць гіперпаўнамоцтвы. І калі гэтыя гіперпаўнамоцтвы ёсць, то заўсёды ўзнікае спакуса, як іх выкарыстаць».

Тым не менш, перыядычна заводзяцца дэманстрацыйныя карупцыйныя справы. Зусім нядаўні прыклад – прысуд былому міністру лясной гаспадаркі Віталю Дрожжу. Шмат хто пагаджаецца, што вырак 7,5 гадоў за хабар у асабліва буйным памеры – надта мяккі. Магчыма, гэта таму, што для Лукашэнкі карупцыя сярод чыноўнікаў – частка кадравай палітыкі, кажа Анатоль Лябедзька:

«Калі нават кідаюць, як міністра, за краты, яму даюць адносна невялікія тэрміны, яшчэ менш ён адсядзіць, а потым ён такі прыгонны, яго можна накіроўваць, напрыклад, у нейкую сельскагаспадарчую ўстанову, куды ніхто не хоча ехаць».

Нашыя эксперты заўважаюць, што нават новыя законы, якія прымае рэжым Лукашэнкі, часта спрыяюць карупцыі.

«Нармальны закон – гэта 10-12 старонак тэксту, бо там мусіць быць прапісана ўсё, як мае быць. І тады гэта не карупцыйны закон. Тое, што адбываецца цяпер… Прымаюцца вельмі дурныя законы аб адабранні маёмасці, аб іншых рэчах, але гэта законы на два радкі, на паўстаронкі. І гэта – аснова карупцыі», – мяркуе Аляксандр Кныровіч.

А таму, кажа наш эксперт, карупцыя ў Беларусі будзе расці далей. І, адпаведна, у рэйтынгу «Transparency International» мы будзем рушыць у бок той жа Зімбабве.

Алесь Яшчанка, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама