У Лукашэнкі ў Пекіне дрыжэлі рукі і знікаў голас

Палітычнае дасягненне Аляксандра Лукашэнкі – у Пекіне яго прынялі на высокім узроўні, нібыта ён з’яўляецца легітымным, абраным прэзідэнтам. Нават каравул паставілі і з гарматы стрэльнулі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На перамовах з кітайскім генсекам Лукашэнка заўважна хваляваўся, калі казаў, што прыязджае вучыцца ў кітайцаў і пераймаць іх досвед.

«Шаноўны старшыня, дарагі сябар беларускага народу. Перш за ўсё ў чарговы раз хачу павіншаваць цябе з найвялікшым даверам кітайскага народу», – звяртаўся Лукашэнка да Сі Цзінь Піна. Ягоны голас перарываўся, было бачна, як дрыжаць рукі.

У выніку ўрадавых перамоваў міністры і кіраўнікі ведамстваў з двух бакоў падпісалі пачку дакументаў, перадусім мемарандумаў аб узаемаразуменні і супрацы. А лукашэнкаўскі віцэ-прэм’ер паведаміў пра істотныя перамовы з кітайскімі імпарцёрамі калійных угнаенняў, якія нібыта хочуць купляць калійнай солі значна больш, чым раней.

«Мы ўсе разумеем, усе адчулі, наколькі ва ўмовах беспрэцэдэнтных і дурных санкцыяў важныя харчы і той прадукт, які мае нашая краіна», – казаў прыдворным прапагандыстам намеснік старшыні Савету Міністраў Лукашэнкі Мікалай Снапкоў.

Таксама Мікалай Снапкоў пахваліўся ростам таваразвароту між Беларуссю і Кітаем – больш чым 5 мільярдаў долараў за мінулы год.

«Для Беларусі – гэта вялікае значэнне. Але для Кітая – гэта маленькая пылінка ў ягоных замежных стасунках. Бо, напрыклад, з краінамі ASEAN у яго – $878 млрд, з ЗША – каля $700 млрд, з Расеяй – $190 млрд», – тлумачыць Наталля Бутырская, магістр замежнай палітыкі (Кіеў).

Як тлумачыць Наталля Бутырская, ёсць краіны, з якімі ў Кітая моцныя эканамічныя стасункі ідуць побач з палітычным супрацьстаяннем, – перадусім гэта ЗША. А лукашэнкаўская Беларусь – гэта адданы палітычны саюзнік, які за нядорага падтрымлівае кітайцаў на міжнароднай арэне.

«Я яшчэ Цзян Цзэміну казаў, а потым Ху Цзіньтао казаў: у вас ёсць у цэнтры Еўропы мірная, спакойная Беларусь», – так Лукашэнка запэўніваў прэмʼера Дзяржсавету КНР Лі Кэцяна, што будзе падтрымліваць дзеянні кітайскіх уладаў адносна ўйгураў, Тыбету, Гон Конгу, і ў мілітарным супрацьстаянні ў Паўднёва-Кітайскім моры і ў падрыхтоўцы нападу на Тайвань.

Сапраўды, з Лукашэнкам кітайскія ўлады маюць Беларусь у цэнтры Еўропы.

«Беларусь паказала пазітыўнае стаўленне да ініцыятывы “Адзін пояс, адзін шлях”. Кітайска-беларускі індустрыйны парк “Вялікі камень” – адзін з галоўных стратэгічных праектаў, ён займае больш за 90 квадратных кіламетраў. Паколькі Беларусь – у цэнтры еўрапейскага кантыненту, праз яе праходзяць больш чым 85 % цягнікоў з Кітаю ў Еўропу», – тлумачыць кітайскаму дзяржаўнаму тэлеканалу ЧжаўХуэй Жун, экспертка Кітайскай акадэміі сацыяльных навук.

Але палітычныя канфлікты Лукашэнкі з заходнімі суседзямі і саўдзел у расейскай агрэсіі супраць Украіны паставілі кітайскі праект «Адзін пояс, адзін шлях» пад пагрозу. Польшча часткова зачыніла для грузаперавозак з Беларусі аўтамабільную мяжу, а Літва – чыгуначны пераезд у Гудагаі.

Разам з тым у Пекіне Лукашэнка выконвае функцыю пасярэдніка Пуціна на збройных перамовах.

«Менавіта з Кітаю Лукашэнка і Пуцін разлічваюць атрымаць тавары падвойнага прызначэння, і іншыя камплектуючыя для ВПК», – нагадвае Арцём Брухан, афіцыйны прадстаўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Раней амерыканскі Інстытут вывучэння вайны папярэджваў, што Лукашэнка можа рыхтаваць кантрабандную схему паставак кітайскай зброі, тэхнікі і боепрыпасаў з Кітаю праз Беларусь. Каб расейцам было чым ваяваць ва Украіне.

«Кітай памагае эканамічна, падтрымлівае дыпламатычна, распаўсюджвае наратывы, якія важная для Расеі. Але і цяпер зʼявілася інфармацыя, што перыядычна кітайскія кампаніі прадавалі Расеі і нелетальнае ўзбраенне – каскі, бронекамізэлькі. А таксама некаторыя кітайскія кампаніі прадавалі Расеі запчасткі да самалётаў, верталётаў, радыёлакацыі», – распавядае Наталля Бутырская.

Яшчэ месяц таму амерыканскае міністэрства фінансаў паведаміла пра кітайскія кампаніі ў самім КНР і ў Люксембургу, якія прадавалі спадарожнікавыя здымкі ўкраінскіх гарадоў для ЧВК Вагнера.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама