Украінцы разглядаюць уступленне ў Еўразвяз, як кампенсацыю за адмову прымаць у NATO

Ужо як 18 гадоў Польшча знаходзіцца ў складзе Аб’яднанай Еўропе. «Белсат» паразмаўляў з былым прэзідэнтам Польшчы Аляксандрам Квасьнеўскім, подпіс якога якраз і стаіць пад дамовай аб далучэнні краіны да Еўразвязу.

«Гэтыя 18 гадоў так хутка праляцелі. І я мяркую, што гэта было адным з важных гістарычных рашэнняў цягам апошніх стагоддзяў. Калі б сёння, у 2022 годзе, мы не былі ў NATO, не былі ў Еўразвязе, мы б былі ў вельмі складаным становішчы, магчыма, не нашмат лепшым за ўкраінскае. Мы б баяліся за сваю будучыню. А зараз мы маем адчуванне бяспекі і адчуванне поспеху. Мы адчуваем, што развіваемся», – распавёў экс-прэзідэнт Польшчы Аляксандр Квасьнеўскі.

На сённяшні дзень Еўрапейскі Звяз – гэта 27 краінаў-чальцоў і шэсць краінаў – кандыдатаў на ўступленне. Прэтэндуе і Украіна, якая распачала свой шлях да Абʼяднанай Еўропы яшчэ ў 1994 годзе, падпісаўшы з ЕЗ пагадненне аб партнёрстве і супрацы. Свой выбар на карысць Еўропы ўкраінцы прадэманстравалі падчас Майдану ў 2014 годзе.

«Людзі тады сапраўды і выступалі, і гінулі, на жаль, пад еўрапейскімі сцягамі. Ацанілі гэта ў Еўрапейскім Звязе толькі сёння, але, як кажуць, лепей позна, чым ніколі», – зазначыў Яўген Магда, украінскі палітолаг.

Актыўная фаза вайны, якую развязала Расея супраць Украіны сёлета 24 лютага, сапраўды паскорыла працэс прыняцця заявы на ўступленне нашай паўднёвай суседкі ў Еўразвяз.

«Мы разумеем, што гэта фармальнасць на шляху Украіны да Еўрапейскага Звязу. Мы разумеем, што нашыя людзі ў глыбіні душы і свядомасці ўсё роўна ўжо даўно ёсць часткай Еўропы. Але, тым не менш, кожная краіна павінна прайсці гэты шлях. На жаль, мы ідзем па гэтым шляху ў трагічны час. І шматлікія людзі з еўрапейскім менталітэтам пазбаўляюцца жыцця – самага дарагога, што маюць», – падкрэсліў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Аднак чакаць, што Украіна стане чальцом Еўразвязу ўжо сёлета, не даводзіцца. Гэта звязана з шэрагам працэдураў, праз якія мусяць прайсці краіны-кандыдаты. Украіне яшчэ трэба рэфармаваць судовую сістэму, зрабіўшы яе празрыстай, і правесці эфектыўную барацьбу з карупцыяй, падкрэслівае ўкраінскі палітолаг Яўген Магда. Запаволіць гэты працэс і ваенная агрэсія Расеі, што ўжо стала адной з прычынаў неўключэння Украіны ў NATO.

«У Еўрапейскім Звязе няма патрабавання да тэрытарыяльнай цэласнасці, што даказана на прыкладзе Кіпру. І, адпаведна, там ішлі хутчэй. Ва Украіне, я б зазначыў, рух да Еўрапейскага Звязу разглядаюць як пэўную кампенсацыю за немагчымасць хутка ўступіць у NATO. Існуе пэўная эйфарыя, што вось-вось, але я патлумачу чаму. Шмат еўрапейскіх палітыкаў – яны не хочуць браць на сябе абавязак сувязяў з Украінай, бо думаюць пра свае будучыя выбары», – мяркуе Яўген Магда.

Пра месца ў Еўразвязе нашай краіны прадстаўнікі Офісу Святланы Ціханоўскай ужо цяпер вядуць кансультацыі з еўрапейскімі лідарамі. Гэта можа выглядаць заўчасна, але, паводле старэйшага дарадцы Ціханоўскай Франка Вячоркі, неабходныя захады для будучага транзіту да дэмакратычнай Беларусі:

«І нам будзе неабходна атрымаць неабходныя інвестыцыі, падтрымку як экспертную, так і фінансавую для правядзення неабходных рэформаў. Нам будзе вельмі неабходна, каб беларускія бізнесы маглі выходзіць на еўрапейскія рынкі».

На гэткую ініцыятыву ўжо адгукнуліся ў Радзе Еўропы, спыніўшы ўдзел у паседжаннях Парламенцкай асамблеі прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі і ўзмацніўшы супрацу з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

Марыля Дакуцька, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама