Чаго баіцца Лукашэнка?

Нарада з удзелам кіраўнікоў органаў бяспекі і спецслужбаў краінаў СНД. Справаздачыцца Лукашэнка: «Рыхтуюць атрады ў Польшчы, Літве, Чэхіі для таго, каб у патрэбны момант перакінуць у Беларусь. І гэта ўжо не 20-ы год, калі на дэманстрацыі хадзілі дзяўчынкі з кветачкамі ў белых спаднічках кароткіх. Гэта ўжо людзі, гатовыя прыйсці сюды са зброяй у руках».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Лукашэнка ўпэўнены, што Захад рыхтуе сілавы сцэнарый змены ўлады ў Беларусі.

«Мы атрымліваем інфармацыю – есці ж ім там хочацца, некалькі сотням, якія адсюль збеглі. А грошы проста так не даюць. Цяпер амерыканцы-фундатары кажуць наўпрост: ваяваць будзеце? Цяпер трэба правесці тэракты на тэрыторыі Беларусі – тады дамо грошы», – кажа Лукашэнка.

Вось таму, сцвярджае ён, Беларусь і надае значную ўвагу абароне межаў. Захадаў сапраўды шмат. У прыватнасці, узмоцнены пашпартны кантроль на мяжы з Еўразвязам.

«Гэтая захада рэалізуецца цяпер па ўсім перыметры нашай мяжы, – кажа кіраўнік КДБ Беларусі Іван Церцель. – Яна накіраваная на своечасовае выяўленне і лакалізацыю дзейнасці асобаў, якія выношваюць тэрарыстычныя, экстрэмісцкія памкненні ў дачыненні Беларусі».

Цяпер беларусы паведамляюць, што памежнікі пільна правяраюць змесціва тэлефонаў ды асабістыя рэчы. Адметна, што надгляд арганізаваны таксама на мяжы з Расеяй. Пад увагай не толькі кантрольна-прапускныя пункты. Напярэдадні Лукашэнка даручыў новаму кіраўніку Дзяржаўнага памежнага камітэту Канстанціну Моластаву ўзмацніць ахову і патруляванне па перыметры беларуска-ўкраінскай мяжы.

«Я думаю, што Аляксандр Лукашэнка вельмі баіцца пранікнення з боку Украіны на сваю тэрыторыю беларускіх добраахвотнікаў, палка Кастуся Каліноўскага ды іншых. У іх ёсць зброя, ёсць досвед, а гэта вельмі важна», – разважае Іван Ступак з Украінскага інстытуту будучыні.

Іншыя захады для абароны мяжы актыўна высмейваюць у інтэрнэце. Напрыклад, стварэнне атрадаў тэрабароны. Або гэтак званую лінію Хрэніна ў Гомельскай вобласці, якая мусіць абараніць ад танкавых атак. Пры гэтым яе працягласць складае ўсяго блізу 300 метраў. Не ўражвае і прафесіяналізм шараговых памежнікаў.

Мяжа Беларусі і Польшчы. Фота: DW

«Яны для ўнутранай сваёй аўдыторыі паказваюць, што ўзмацняюць сістэму і такім чынам нібыта надалей кантралююць сітуацыю ўнутры краіны. Але любы чалавек разумее, што ў іх вялікія праблемы з кантролем унутры краіны і з перспектывамі гэтых званых сілавых структураў», – мяркуе журналіст «Белсату», вайсковы эксперт Зміцер Міцкевіч.

На ягоную думку, баяздольнасць не толькі памежных, але і іншых сілавых структураў Лукашэнкі далёкая ад ідэалу. Што ж будзе ў выпадку рэальнага ўваходу беларускіх добраахвотнікаў у Беларусь?

«Абараняць Лукашэнку будуць толькі тыя, хто разумее, што разам з ім пойдуць пад трыбунал. Мне здаецца, што калі пачнуцца рэальныя сутыкненні паміж нацыянальна-вызвольным рухам і лукашыстамі, тыя лукашысты, якія будуць бачыць шанец свайго выратавання, будуць сябе ратаваць», – упэўнены Зміцер Міцкевіч.

Пакуль жа Лукашэнка ўмацоўвае спецслужбы з дапамогаю Расеі. Згаданы раней кіраўнік Памежнага камітэту Моластаў – нарадзінец Расеі ды выпускнік Памежнай акадэміі ФСБ. Лаяльнасць да Масквы дэманструе і КДБ. Іван Церцель пахваліўся, што ягоныя афіцэры атрымалі расейскія ўзнагароды. За якія менавіта заслугі – не ўдакладніў.

Ян Федаровіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама