Тысячы вагнэраўцаў у Беларусі: поспех ці параза для Лукашэнкі?

Лукашэнка чакае байцоў ПВК Вагнэра ў Беларусі і рыхтуе да гэтага чыноўнікаў ды насельніцтва. Паводле ацэнак новых спадарожнікавых здымкаў, палявы намётавы лагер у Асіповіцкім раёне на Магілёўшчыны можа змясціць ад васьмі да 15-ці тысячаў чалавек. Чым вагнэраўцы могуць заняцца ў Беларусі і ці ўяўляюць небяспеку, распавядзе Аліна Скрабунова.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«І ніякія харугвы нам не страшны і не толькі таму, што ў нас няма ПВК Вагнэра», – заявіў Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстым сходзе з гароды Дня незалежнасці.

Як завярае Лукашэнка, байцы ПВК Вагнэра ставяць за яго свечкі ў царкве. Маўляў, удзячныя за сваё вызваленне пасля гучнага затрымання ў Беларусі, калі спецпадраздзяленне «Алмаз» учыніла аблаву на гэтак званых 33-ох багатыроў перад прэзідэнцкімі выбарамі.

«Ды супакойцеся. Калі б можна было іх запрасіць сюды за іхны кошт, гэта для нашага войска добра. Гэта самыя падрыхтаваныя людзі. Кажуць, там вязні. Паслухайце: усе вайскоўцы, якія там былі асуджаныя, яны ўжо загінулі, на жаль…», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Піяр на тэме ПВК Вагнэра скончыўся, пачалася спроба выкруціцца з сітуацыі, мяркуе палітычны аналітык праекту «Позірк» Аляксандр Класкоўскі:

«Рэфрэнам гучаў матыў супакаення, ён відавочна і сваю наменклатуру, і сілавікоў, грамадзян хацеў супакоіць. Рэфрэн быў такі, што не трэба гэтых вагнэраўцаў баяцца. Калі Лукашэнка нешта вельмі метадычна адмаўляе, гэта прыкмета якраз таго, што яго гэтая праблема напружвае».

На Магілёўшчыне каля Асіповічаў пабудавалі палявы лагер. Колькасць асобаў, якіх там магчыма размясціць, ацэньваюць ад 8-мі да 15-ці тысячаў. Як паведамляе маніторынгавая група «Беларускі Гаюн», менавіта гэтае месца рыхтуюць для байцоў ПВК Вагнэра. На здымках відаць толькі месца для размяшчэння асабовага складу, без магчымасці захоўваць лёгкую або цяжкую браняваную тэхніку.

«Аўдзееўку не змаглі зняць 30 тысяч акупантаў, а калі гэтыя вагнэраўцы там будуць сканцэнтраваныя, проста 8 тысяч чалавек у намётах са стралковаю зброяй, ну, лічыце, гэта будзе проста прыдатак да існых беларускіх сілавых структураў, ну, лічыце, цяжка ўзброены беларускі АМАП», – распавёў эксперт «Defense express» Іван Кірычэўскі.

У якасці падтрымання беларускага АМАПу вагнэраўцы сапраўды прыдаліся б Лукашэнку, мяркуе Стась Івашкевіч з Беларускага расследавальніцкага цэнтру: «Гэта яшчэ цэнны кадр для Лукашэнкі дзеля задушэння ўнутраных пратэстаў. Такая ж матывацыя, як калі Менск прыняў былых беркутаўцаў, якія намагаліся падаўляць Майдан ва Украіне і збеглі адтуль пасля перамогі рэвалюцыі ў 2013 годзе. Прыгожын, як мы ўжо казалі, дапамагаў душыць мірныя пратэсты ў Судане, прычым крывавым чынам».

Колькасць расейскіх вайскоўцаў рэгулярнага войска на тэрыторыі Беларусі дзяржаўная памежная служба Украіны ацэньвае на 2 тысячы чалавек. Яны наўрад ці будуць узаемадзеяць з вагнэраўцамі, мяркуе Іван Кірычэўскі. Узровень падрыхтоўкі апошніх эксперт ацэньвае нашмат вышэй, чымся расейскіх вайскоўцаў, якіх цяпер рыхтуюць за пару дзён.

«Улічваючы спецыфіку рэжыму Лукашэнкі, акрамя ПВК Вагнэра, ён нічога не знойдзе, лепшых інструктараў для прымянення рэпрэсіўных мераў у войску, бо для ПВК Вагнэра гэта ў парадку рэчаў – проста забіць кувалдай у якасці пакарання. Вось такія інструктары Лукашэнку, на жаль, таксама патрэбныя», – мяркуе эксперт «Defense express» Іван Кірычэўскі.

Неабходнасць размясціць вагнэраўцаў, колькі б іх ні было, на тэрыторыі Беларусі, хутчэй, праблема для Лукашэнкі, чымся перспектыва, мяркуе Аляксандр Класкоўскі. Маўляў, калі Прыгожын пайшоў супраць Пуціна, то з такім жа поспехам ён можа пайсці і супраць Лукашэнкі:

«Тут і фінансавае пытанне вялікае, ці вось гэты лагер, які для іх будуецца на 8 тысячаў, а хто будзе ўтрымліваць там гэтых людзей, карміць і гэтак далей. Лукашэнка кажа, што някепска было б за іхны кошт, але ці будуць у іх грошы ці застануцца грошы ў Прыгожына, якога цяпер скубуць у Расеі?»

Вагнэраўцы – гэта і праўда не толькі зэкі: на 8 тысячаў чалавек прыходзіцца мінімум тысяча каманднага складу і яшчэ шэраг розных адмыслоўцаў. Але ўсё ж такі гэта крымінагенны кантынгент, і таму, прагназуе Іван Кірычэўскі, пасля іхнага з’яўлення ў нашай краіне можна чакаць рост агульнага ўзроўню злачыннасці.

Аліна Скрабунова, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама