Грузія і Славаччына пакідаюць «Еўра-2024»

Казка грузінскай футбольнай зборнай пад назваю «Еўра-2024» – скончаная. Каманда Ўілі Саннёля пакідае чэмпіянат Старога Свету на стадыі 1/8 фіналу. Аднак пры гэтым яна дабілася найлепшага для сябе выніку ў гісторыі. Не ўбачым мы далей на першынстве і дружыны Славаччыны, якая да апошніх секундаў прэтэндавала на выхад у чвэрцьфінал. У сваю чаргу зборныя Іспаніі ды Англіі сваіх заўзятараў парадавалі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Іспанцы святкуюць выхад сваёй каманды ў 1/4 фіналу чэмпіянату Еўропы па футболе.

«Я думаю, гэта вельмі добра, вельмі здорава. Многія людзі спяваюць, танчаць і атрымліваюць асалоду ад гэтага часу», – кажа іспанская заўзятарка К’яра Курэла.

У 1/8 фіналу іспанцы не пакінулі шанцаў навічкам «Еўра», грузінам, і разграмілі апанента 4:1. Усе забітыя мячы ў гэтай сустрэчы былі на рахунку пірынейцаў. Спачатку аўтаголам вызначыўся Рабэн Ле Нарман, а затым забівалі Родры, Руіс, Ўільямс і Ольма. У барацьбе за выхад у паўфінал нас чакае сапраўдны трылер, у якім іспанцы згуляюць з немцамі.

«Мы вельмі шчаслівыя, мы ведаем, чаго вартае быць тут, і нашыя апошнія вынікі даказваюць гэта. Гэта заслуга гульцоў. Мы перадаём ім ідэі з лаўкі, але яны добра разумеюць гульнёвыя сітуацыі. Было цяжка праз тое, як складалася гульня, але нам удалося захаваць спакой», – распавёў галоўны трэнер зборнай Іспаніі па футболе Люіс дэ ля Фуэнтэ.

«Для мяне іспанцы – гэта чарговы гранд, які вылеціць на наступным этапе. Так было на кожным з буйных турніраў, пачынаючы з 2012 года. Іспанія добра праходзіць групавы этап, а потым вылятае ад першага сурʼёзнага суперніка», – дадаў трэнер, былы гулец моладзевай зборнай Беларусі Яўген Вяроўка.

Гульцы зборнай Грузіі і Іспаніі. Фота: Nick Potts / PA Images / Forum

Паводле нашых экспертаў, грузінская каманда і так здолела скокнуць вышэй галавы. Яна ўпершыню ў сваёй гісторыі прабілася ў фінальны раўнд чэмпіянату Еўропы. І з першай жа спробы здолела пераадолець групавую стадыю і выйсці ў плэй-оф.

«Мы запомнім першы тайм, дзе былі даволі добра арганізаваныя. Але ёсць некаторыя моманты, якія нам не спадабаліся. Але Іспанія была мацнейшай і заслужыла прайсці далей. Мы выгулялі свой чэмпіянат Еўропы яшчэ да гэтага матчу. Я спадзяюся, што мы пакінулі пра Грузію добрае ўражанне», – удакладніў галоўны трэнер футбольнай зборнай Грузіі Ўілі Саннёль.

Каманда Англіі да апошняга трымала сваіх заўзятараў у напружанні. Саступаючы па хадзе сустрэчы Славаччыне 0:1, родапачынальнікі футболу здолелі зраўняць лік толькі на 95-ай хвіліне. Англію ад ганьбы шыкоўным ударам праз сябе выратаваў Джуд Бэлінгэм, перавёўшы гульню ў дадатковы час.

«Гуляць за зборную Англіі – прыемнае пачуццё, але гэта таксама і вялікі ціск. Для мяне гуляць у футбол і быць на полі, забіваць галы і святкаваць – гэта спосаб вывесці эмоцыі. Момант, калі я забіў, быў вельмі шчаслівы і поўны адрэналіну», – распавёў паўабаронца зборнай Англіі па футболе Джуд Бэлінгэм.

Намінальных гасцей прапушчаны гол выбіў з каляіны. А ўжо на першай хвіліне дадатковага часу, як аказалася, пераможны мяч забіў Гэры Кейн. Зборная Англіі атрымала валявую вікторыю і выйшла ў чвэрцьфінал чэмпіянату, дзе шостага ліпеня згуляе са швейцарцамі.

«Англія, хутчэй за ўсё, вельмі далёка пройдзе. Аналіз мінулых гадоў паказвае, што калі Англіі гуляла ў адкрыты футбол, яшчэ з часоў Лэмпарда, Джэрарда, яны не дабіваліся ніякіх поспехаў. Пры цяперашнім трэнеры, пры Саўтгейце, Англія пайшла ў больш закрыты футбол для дасягнення турнірных мэтаў і задачаў», – удакладніў Яўген Вяроўка.

Сёння на «Еўра» чарговыя дзве сустрэчы. За выхад у чвэрцьфінал паспрачаюцца Францыя – Бельгія, а таксама Партугалія – Славенія.

Павел Алейнікаў, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама