Забойства трохгадовага дзіцяці ў Слуцку: распачаты новы суд

Вінавацяць у бяздзейнасці і нядбайнасці. У судзе Менскага раёну пачаўся працэс над дзвюма службовымі асобамі, якія, паводле матэрыялаў справы, не абаранілі ад працяглых катаванняў і забойства бацькамі малалетняга Сямёна Таратуту. Гэта начальнік інспекцыі ў справах няпоўнагадовых Слуцкага РАУС Аляксандр Дзядок і следчы Арцём Галавінскі. Абодва яны не пад арыштам і сваёй віны не прызналі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Відавочна, што збіванне дзіцяці ў такім узросце не адміністратыўнае правапарушэнне, гэта злачынства, якое мела б ад пачатку быць расследаванае і тады трагедыі не адбылося б», – мяркуе юрыст, праваабаронца «Human Rights Impact» Раман Кісляк.

Аднак ці толькі два міліцыянты вінаватыя ў трагедыі? Прысуд у крымінальнай справе аб забойстве бацькамі са Слуцку трохгадовага сына Менскі абласны суд вынес летась. На судзе высветлілася, што дзіця праз жорсткасць бацькоў ужо трапляла ў шпіталь за два гады да гэтага, але ніякіх захадаў супраць сям’і тады не прынялі. Пабоі сталіся рэгулярнымі. Апроч таго, Сямёна недастаткова кармілі, прымушалі спаць голым на падлозе, апускалі галавой у вядро з вадою.

«14 студзеня 2023 года яны групай асобаў з асабістай непрыязі да свайго заведама малалетняга сына з мэтай забойства нанеслі ў прысутнасці ягонага малалетняга брата рукамі і нагамі не менш за дзевяць удараў», – паведамлялася падчас суда.

Абвінавачаныя Аляксандр і Анастасія Таратуты ў судзе. Скрыншот з відэа: sputnikby / Telegram

Аляксандра Таратуту прысудзілі да расстрэлу, ягоную жонку Анастасію – да 25 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

У Беларусі, у адрозненне ад іншых еўрапейскіх краінаў, няма закону аб супрацьдзеянні хатняму гвалту. Да прыкладу, у Грузіі папраўкі ў закон унеслі ў 2018-м. І сітуацыя палепшылася, распавядае Раман Кісляк:

«Збольшага дастаткова хутка рэагуюць, распачынаюць справы, якія разглядаюцца ў судах. Няхай за гвалт у сямʼі невялікія пакаранні (грамадскія працы ці штрафы), але гэта спыняе цыкл гвалту».

У Беларусі ж дзяржава не толькі не абараняе дзяцей, але і змяншае іх фінансавае падтрыманне.

«Нам трэба сурʼёзна падумаць аж да матэрыяльнай дапамогі шматдзетным і гэтак далей. Не сакрэт, што ў нас шмат семʼяў шматдзетных, каго ўвогуле да рубля падпускаць нельга. Гэтыя грошы да дзяцей не даходзяць, яны іх прапіваюць ці яшчэ неяк», – казаў Лукашэнка некалькі тыдняў таму, прызначаючы новую міністарку працы і сацыяльнай абароны.

Заахвочваючы жанчын нараджаць, Лукашэнка казаў, што трэцім дзіцём у сямʼі будзе апекавацца ён, то бок дзяржава. Цяпер рыторыка змянілася, адзначае доктарка філалагічных навук, экспертка ў галіне медыяў і камунікацыі, гендарная даследніца Ірына Сідорская:

«Традыцыйныя сямейныя каштоўнасці – яны якраз пра тое, што ўсе беларусы і беларускі павінны жадаць дзяцей, што гэта абавязак грамадзянаў і што ўжо не трэба разлічваць на дзяржаву».

Так, цяпер уведзены ў 2015-м сямейны капітал можа атрымаць не кожная шматдзетная сямʼя. Да прыкладу, не атрымаюць яго бацькі, якіх дзяржава прызнала так званымі дармаедамі, тыя, хто працуе ў «недружалюбных» краінах, і семʼі, што трапілі ў катэгорыю «сацыяльна небяспечных».

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама