Вучэнні АДКБ з’яўляюцца пагрозай для суседзяў

Вайсковая паказуха – альбо вучэнні АДКБ. Гэта вайсковы саюз Расеі Арменіі, Беларусі, Казахстану ды Кыргызстану. Што праўда, гэтым разам без Арменіі. Трэнуюць на палігонах у нашай краіне да наступнай серады. Украіна ўзмацніла ахову мяжы, прыглядаюцца заходнія суседзі. А афіцыйны Менск заяўляе, што запрасіў прадстаўнікоў Польшчы паназіраць. І гэта на тле пагрозаў ядравай зброяй, вагнэраўцаў ды мігрантаў. Не дзіва, што Варшава на гульню прапаганды ў адкрытасць не адказала.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Берасцейская крэпасць займае асаблівае месца ў ідэалагічнай махіне Лукашэнкі, як рубеж супрацьстаяння заходняму свету. Менавіта тут у пятніцу прайшла цырымонія адкрыцця вучэнняў АДКБ «Баявое братэрства – 2023». 2,5 тыс. вайскоўцаў з 6 краінаў пачалі адпрацоўваць узаемадзеянне спецназу, выведкі, тылавых войскаў, радыяцыйна-хімічнай абароны. Тэхнікі няшмат – 500 адзінак, у тым ліку ўзбраенні і бульдозеры-экскаватары. Назіраць запрасілі прадстаўнікоў Кітаю, Ірану, Саудаўскай Аравіі, Манголіі і Польшчы.

«Папярэдне прадстаўнікі Польшчы адмаўляюцца назіраць за вучэннямі “Баявое братэрства – 2023”. Раней яны не запрашалі назіральнікаў Беларусі на свае вучэнні “Драгун-2021” і “Анаконда-2023”, – паведаміў Валерый Рэвенка, начальнік Дэпартаменту міжнароднай вайсковай супрацы Міністэрства абароны РБ.

Стасункі з Варшавай цяпер асабліва напружаныя. 17-га верасня, у гадавіну нападу Савецкага Саюзу на Польшчу ў Другой Сусветнай вайне, Войска Польскае правядзе свае вучэнні «Восеньскі агонь» – як дэманстрацыю гатовасці да абароны з найноўшымі ўзбраеннямі.

«Пагроза з боку Беларусі рэальная. Там ёсць найміты, людзі, здольныя за грошы зрабіць усё, пазбаўленыя якіх-кольвек тармазоў. Мы мусім быць гатовымі да правакацыяў, і мы гатовыя да іх», – заявіў міністр абароны Польшчы Мар’юш Блашчак.

У ліпені Лукашэнка распавядаў Пуціну, што ледзь стрымлівае баевікоў Групы Вагнэра ад ваеннага паходу на Варшаву і Жэшуў. А ў верасні вучэнні «Баявое братэрства» толькі фармальна можна лічыць вучэннямі АДКБ – яны зноў беларуска-расейскія, мяркуе Аркадзій Дубноў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія вайскоўцы. Вучэнні. Фота: modmilby / Telegram

Напрыклад, з Казахстану прыбыла дробная група вайскоўцаў без баявой тэхнікі. А армяне ўвогуле не прыехалі. Пагрозы Лукашэнкі робяць таксічным вайсковы саюз з ім.

«Вось гэтая дэманстратыўная актыўнасць з выкарыстаннем пагрозаў запусціць у справу вагнэраўцаў, якія нібыта гатовыя адбіваць пагрозы Захаду ці нават караць гэтыя краіны, на мой погляд, гэта адзін з элементаў вельмі магутнай інфармацыйнай вайны», – мяркуе эксперт у постсавецкіх краінах Аркадзій Дубноў.

Патрабаванні Польшчы і краінаў Балтыі прыбраць з Беларусі вагнэраўцаў Лукашэнка адрынуў.

«Ні ў Польшчы, ні ў Літве, ні ў іншых краінах Балтыі не павінна быць ніводнага замежнага ваеннаслужачага», – заявіў Лукашэнка ў чацвер.

Што да таксічнасці, то ў панядзелак у межах вучэнняў Арганізацыі дамовы калектыўнай бяспекі войскі радыехімічнай абароны і ратаўнікі краінаў АДКБ упершыню адпрацуюць ліквідацыю аварыі на Астравецкай АЭС ля мяжы з Літвой. Гэта свядомая псіхалагічная атака Лукашэнкі супраць Захаду, мяркуе Аркадзій Дубноў:

«Ні казахі, ні кіргізы, ні армяне не зацікаўленыя, каб ад іх імя праводзіліся такога роду дэманстрацыйныя вучэнні. Пакуль яшчэ рана разрываць іх удзел у АДКБ, але калі яны і далей будуць вось так уцягнутыя, то я не выключаю, што гэтае пытанне зноўку ўзнікне ў грамадскай прасторы таго ж Казахстану ці Арменіі, як летась».

На час вучэнняў АДКБ у Беларусі Украіна ўзмацніла ахову дзяржаўнай мяжы, бо гэтыя манеўры падвышаюць узровень небяспекі ў рэгіёне.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама