Шаўцоў працягне ўзначальваць Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа

Ездзіў на Данбас, насіў на форме зэт-свастыку, спрычыніўся да нелегальнага вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны. Меў страціць пасаду, але застаецца. Дзмітрый Шаўцоў на пасадзе кіраўніка Чырвонага Крыжа. Арганізацыя ў Беларусі ідзе насуперак патрабаванню Міжнароднай Федэрацыі звольніць Шаўцова да 30 лістапада. А гэта можа пагражаць прыпыненнем фінансавання структуры ў Беларусі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Выбар зроблены. Кіраўніком Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа застаецца Дзмітрый Шаўцоў, нягледзячы на магчымую страту фінансавага падтрымання ад Міжнароднай федэрацыі Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца. Свой ультыматум кіраўнічая арганізацыя выставіла Беларускаму Чырвонаму Крыжу ў кастрычніку.

«Беларуская арганізацыя Чырвонага Крыжа не ёсць самастойнай арганізацыяй. Яна абсалютна падпарадкаваная рэжыму Лукашэнкі, сістэме, у якой яна створаная. І таму яны выбралі захавацца ў гэтай сістэме і фактычна адмовіцца ад прынцыпаў незалежнасці і неангажаванасці», – кажа кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Прэтэнзіі да Шаўцова з боку Міжнароднай федэрацыі паўсталі праз наведванне тым Данбасу. Тады кіраўнік Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа заявіў, што выступае за размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі і мые дачыненне да вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў. Пры гэтым Шаўцоў быў апрануты ў вайсковую форму з літараю зэт – сімвалам расейскай агрэсіі ва Украіне. Беларуская арганізацыя паездкі Шаўцова на Данбас растлумачыла гэткім чынам.

«Паездка была выкліканая неабходнасцю абараніць рэпутацыю Рэспублікі Беларусь і Міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца ад магчымых абвінавачанняў у выкраданні з названых тэрыторыяў дзяцей, якім раней пры ўдзеле Беларускага Чырвонага Крыжа надавалася спрыянне ў аздараўленні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Дзмітрый Шаўцоў асабіста пераканаўся, што гэтыя дзеці вярнуліся дадому», – заявілі ў Беларускім таварыстве Чырвонага Крыжа.

Дапамагае Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа і нібыта ўцекачам з Украіны. Паводле арганізацыі, амаль сем тысяч асобаў на тэрыторыі Беларусі атрымалі грашовыя сертыфікаты, медычнае і псіхалагічнае падтрыманне.

«Яны імкнуцца знайсці нейкае кампраміснае выйсце. З аднаго боку, яны падкрэсліваюць: мы робім тое і тое для Украіны. Гэта для нас вельмі важна, прынцыповая справа. Мы ўжо шмат зрабілі і будзем рабіць далей. А з іншага боку, гаворкі пра адстаўку Шаўцова не ідзе. Мы назіраем спробу замяць скандал вакол Шаўцова, неяк забалбатаць», – кажа палітолаг Аляксандр Фрыдман.

Дзеці з акупаваных тэрыторыяў Украіны ў Наваполацку. 22 верасня 2023 года. Фота: Наваполацкі гарадскі выканкам / sb.by

Але пацярпець ад спынення міжнароднага фінансавання могуць гуманітарныя праекты Чырвонага Крыжа, скіраваныя на дапамогу ўразлівых і мала абароненых групаў насельніцтва. Сярод іх – людзі з цяжкімі хваробамі, такімі як туберкулёз, ВІЧ-інфекцыя, дыябет. Паводле эксперта, Лукашэнка не будзе гатовы ўзяць на сябе адказнасць за гэтых людзей.

«Я думаю, хутчэй за ўсё, Шаўцоў сваёй пасады пазбавіцца. З Лукашэнкам, з лукашэнкаўскімі структурамі заўсёды так. Калі гаворка ідзе пра грошы, нейкае фінансаванне і праекты, гэта заўсёды больш важна, чым канкрэтныя асобы», – мяркуе палітолаг Аляксандр Фрыдман.

Лукашэнкаўскі рэжым неахвотна дае грошы на Чырвоны Крыж. Паводле апошняй статыстыкі за 2019 год, размешчанай у адкрытым доступе, дзяржаўнае фінансаванне складае толькі шэсць адсоткаў бюджэту арганізацыі, тады як унёсак міжнародных донараў – у разы большы.

Тым часам у Менск прыехала з візітам упаўнаважаная пры прэзідэнту Расеі ў правах дзіцяці Марыя ЛьвоваБялова. Міжнародны суд прызнаў чыноўніцу датычнай да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей і выдаў ордар на ейны а́рышт. Львова-Бялова сустрэлася з расейскім паслом у Беларусі Барысам Грызловым. Той заявіў, што нашая краіна працягне разам з Расеяй вывозіць маленькіх украінцаў з Данбасу.

«Прыезд Львовай-Бяловай у Беларусь азначае, што расейскі бок запрашае Лукашэнку асабіста сесці побач у Міжнародным крымінальным судзе са спадарыняй Львовай-Бяловай і спадаром Пуціным. Яны публічна, мэтанакіравана падкрэсліваюць асаблівыя заслугі Лукашэнкі ў здзяйсненні ваенных злачынстваў», – кажа кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

На гэты момант Народнае антыкрызіснае ўпраўленне сабрала новыя доказы датычнасці рэжыму Лукашэнкі да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей. Гэтыя дадзеныя скіруюць у Міжнародны крымінальны суд.

Наста Печанькова, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама