Новы год пад абстрэламі

Ракетныя і авіяцыйныя ўдары, дзясяткі іранскіх дронаў. У Новы год расейскія войскі працягнулі біць па цывільных аб’ектах Украіны. Узброеныя сілы Украіны ў адказ нанеслі шэраг кропкавых удараў па месцах дыслакацыі расейскіх вайскоўцаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ні хвіліны спакою нават у святы – навагодняя ноч у гарадах Украіны прайшла пад гукі паветранай трывогі. Пад ударамі апынулася 8 вобласцяў. Расейскія войскі здзейснілі па тэрыторыі Украіны 31 ракетны ды 12 авіяўдараў. Зафіксаваныя і болей за 70 абстрэлаў з рэактыўных сістэмаў залпавага агню. Як мінімум тры асобы загінулі. Сярод дзясяткаў пацярпелых – перадусім жанчыны ды дзеці. Актыўна расейцы выкарыстоўвалі і іранскія дроны-камікадзэ.

«Новы год, новы дзень, новыя вынікі. 45 «шахедаў» збітыя ў першую ноч года. Дзякую нашым паветраным сілам: лётчыкам і зенітчыкам – 33 «шахеды» на іх рахунку. Дзякую супрацьпаветранай абароне нашых сухапутных войскаў за яшчэ 12 збітых іранскіх дронаў. Проста малайцы, хлопцы!», – у сваім вечаровым звароце выказаўся пра абстрэлы Уладзімір Зяленскі.

Беспілотнікі былі асноўнай ударнаю сілаю расейцаў уначы на 2-га студзеня. Зафіксаваныя як найменей 40 пускаў дронаў. У Кіеве пацярпела энергетычная інфраструктура, пачалося экстраннае адключэнне электрычнасці. У небе над Днепрапятроўскай вобласцю была знішчаная авіяракета Х-59.

«Расейцы шукаюць больш эфектыўныя спосабы камбінаванага выкарыстання дронаў і ракет, будуць працягваць такія ўдары. Да таго ж нядаўна была інфармацыя ад ад прадстаўніка расейскіх паветрана-касмічных сілаў, пра працяг выкарыстання ў 2023 годзе стратэгічнай авіацыі супраць Украіны», – распавядае вайсковы эксперт Паўло Лакійчук.

У ЗСУ, у сваю чаргу, заявілі аб паспяховым удары па пазіцыях расейцаў на акупаваных тэрыторыях Запарожскай вобласці. Паведамляюць, што паранілі 175 расейскіх вайскоўцаў і знішчылі 12 адзінак тэхнікі.

Побач з акупаваным Шахцёрскам знішчаныя дзве базы расейцаў – у будынку дзіцячага садка і мясцовага клубу. Паводле інфармацыі расейскіх прапагандыстаў, лік забітых вайскоўцаў ідзе на дзясяткі.

Але наймацнейшы ўдар па акупацыйных войсках украінцы нанеслі ў Макееўцы. Там у будынку мясцовай вучэльні нумар 19 расейцы размясцілі вялікую колькасць мабілізаваных і боекамплектаў. Са звестак ЗСУ, у навагоднюю ноч вынікам дакладнага ўдару з сістэмы «HIMARS» сталіся больш як 400 забітых і 300 параненых расейскіх вайскоўцаў.

«Акрамя непасрэдна знішчэння жывой сілы на фронце, ёсць яшчэ і інфармацыйны фактар. Такія ўдары па месцах перабывання сведчаць, што мы не спім, мы сочым, знаходзім і знішчаем. І тыя мабілізаваныя, што патрапяць на нашую тэрыторыю мусяць разумець, што варта баяцца за сваё жыццё», – кажа падпалкоўнік запасу ЗСУ Мікалай Саламаха.

Расейскае Мінабароны пакуль прызнала гібель 63 вайскоўцаў у Макееўцы. У ведамстве заўважылі, што прычынаю трапляння «HIMARS» паслужыла актыўнае выкарыстанне расейскімі вайскоўцамі мабільных тэлефонаў.

Аляксандр Баразенка, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама