Улада зноў цісне на бізнес: віцебскую трэнажорную залю прапанавалі зачыніць



Трэнажорная зала Віталя Пахомчыка працуе ўжо шэсць гадоў, і дасюль з боку правяральнікаў прэтэнзіяў не было. Паводле Віталя, днямі да яго прыехаў намеснік начальніка пажарнай аховы па Віцебшчыне і выявіў «найгрубейшыя парушэнні»: на таблічцы з планам эвакуацыі няма нумару пажарнай аховы. Прадпрымальніку не далі рэкамендацыяў для выпраўлення парушэнняў, але выпісалі прапанову прыпыніць дзейнасць.

«На гэты момант немэтазгодна зачыняць залу, якая функцыянуе. Зала не нясе пажарнай небяспекі для людзей, тут няма хімічных прэпаратаў, нічога гаручага. Жалеза ж не гарыць. У прынцыпе ўсё гэта абсурдна!» – распавядае прадпрымальнік Віталь Пахомчанка.

Уласнік упэўнены, што надзвычайная пільнасць кантрольных органаў звязаная з ягонаю палітычнаю пазіцыяй. Віталя неаднойчы судзілі за ўдзел у акцыях пратэсту. Правяранні з такімі вынікамі ўдарылі перадусім па сталічных кавярнях і рэстаранах. Летась адныя пляцоўкі пасля гэтага закрыліся, іншыя сышлі ў бестэрміновы адпачынак, а ўладальнікі бізнесу з‘ехалі за мяжу.

«Улада дае зразумець, што калі вы пачынаеце палітычную барацьбу і афішуеце гэта, то літасці вам не будзе. Гэта сапраўды так. І ў гэтым плане, канечне ж, мы лічым, што гэта парушае нашыя правы. Але чые правы не парушаюцца сёння ў гэтай краіне», – адзначае кіраўнік аб‘яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.

Прадпрымальнік звяртае ўвагу: не зважаючы на пандэмію, дробны бізнес не атрымаў ніякай падтрымкі ад дзяржавы. Тым часам нашыя краіны-суседкі падрыхтавалі адмысловыя пакеты дапамогі для бізнесу.

«Хаця падаткі, вядома, дзесьці павысіліся і на 20, і на 30, і на 40 адсоткаў. Але для нас на сёння важна іншае: каб да нас не прыходзілі з правяраннямі і не выстаўлялі невыканальных патрабаванняў», – падкрэсліў Анатоль.

Адмысловец упэўнены, што праз палітычную сітуацыю ў Беларусі шмат хто з’едзе з краіны: перавядуць свой бізнес і вывезуць сем’і.

Вольга Гоманава, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама