Грошы не пахнуць: як Лукашэнка дапамагае Пуціну ваяваць

Войскі Лукашэнкі атрымалі ад Пуціна-агрэсара «Іскандэры». Да таго ж на беларускай зямлі – 40 тыдняў бесперапынных беларуска-расейскіх вучэнняў і тысячы вайскоўцаў з Расеі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ёсць і іншыя, хоць і не такія відавочныя, пагрозы для Украіны з тэрыторыі Беларусі. Вытворчасць у нашай краіне актыўна працуе на расейскі ваенпрам. І сведчанняў таму – усё больш.

«Ёсць расейскія палітычныя санкцыі на тое, каб гэтыя замовы размяшчаць у Беларусі, і ёсць лукашэнкаўская, беларуская палітычная санкцыя на гэта, каб дапамагчы расейцам у іхнай вайне і аказваць падтрымку расейскай ваеннай агрэсіі такім вось чынам», – мяркуе эканаміст Алесь Чайчыц.

Жодзінскае прадпрыемства «Белаўтазапчасць» вырабляе стырнавое ўпраўленне і карданы для расейскіх вайсковых КАМАЗаў. Да таго ж ініцыятыва «ByPol» са спасылкаю на ўдзельнікаў плану «Перамога» паведамляе пра перамовы з іншымі расейскімі вытворцамі прадукцыі ваеннага прызначэння.

«Пуцін перавёў расейскія прадпрыемствы ўжо на ваенныя рэйкі, і цяпер беларускія прадпрыемствы, якія працуюць з расейскімі прадпрыемствамі, – яны фактычна працуюць на вайну», – кажа кіраўнік ініцыятывы ByPol Аляксандр Азараў.

Зубы цмока. Такія супрацьтанкавыя ўмацаванні расейскія акупанты актыўна размяшчаюць ва Украіне, каб стрымаць наступ ЗСУ. Паводле тэлеграм-каналу motolkohelp, у Беларусі іх вырабляюць прынамсі 6 прадпрыемстваў. З Расеі паступілі замовы на выраб дзясяткаў тысяч такіх зубоў. І гэта толькі на заводы Гомельшчыны.

Да таго ж беларускія вязні шыюць вайсковую форму для расейцаў. Пра гэта праваабарончаму цэнтру «Вясна» паведаміў былы зняволены папраўчай калоніі № 3, што ў Віцебскім раёне.

«Відавочна, што Беларусь акупаваная Расейскай Федэрацыяй, таму натуральна, што на тэрыторыі Беларусі Расейская Федэрацыя развярнула вытворчасць таго, што ёй неабходна. Рэжым Лукашэнкі ёсць рэжымам марыянетачным, і фактычна гэта такі гаўляйтэр, намеснік Беларусі ад Пуціна», – зазаначае народны дэпутат Украіны Аляксей Ганчарэнка.

За абсалютнае падтрыманне Лукашэнкам Пуціна ў агрэсіі супраць Украіны Еўразвяз збіраецца прыняць новы пакет санкцыяў супраць рэжыму ў Менску. Узгадніць абмежавальныя захады плануюць да канца гэтага тыдня. Усё больш галасоў – за больш сур’ёзнае пакаранне Лукашэнкі.

«У апошнім нашым рашэнні, якое на мінулым тыдні мы прынялі ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, аб стварэнні трыбуналу. Мы кажам пра трыбунал над Пуціным і Лукашэнкам», – кажа Аляксей Ганчарэнка.

Ён ды іншыя дэпутаты ўнеслі ў Вярхоўную Раду Украіны праект пастановы аб прызнанні Беларусі краінаю, часова акупаванай Расеяй.

Алесь Яшчанка, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама