Лукашэнка сустрэўся з «найлепшымі людзьмі гораду»

Народны прэзідэнт ідзе ў народ, пад воплескі і гарачыя прывітальныя словы. А галоўнае – ні ў каго ніякіх праблемаў. Гэткае кіно пра паездку Аляксандра Лукашэнкі ў Ветку паказалі дзяржаўнае тэлебачанне і прапагандысцкія тэлеграм-каналы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Канечне, гэта ўсё нагадвае нам такія Пацёмкінскія вёскі і тыповую прапагандысцкую імітацыю такіх сустрэчаў. У чымсьці цяпер гэтыя відэа Лукашэнкі сустрэчаў з народам нагадваюць хутчэй пародыі, якія мог які-небудзь «Чын-Чын Чэнэл» зрабіць, а пэўныя прапагандысты не надта разумеюць, наколькі гэта можа смешнавата выглядаць», – кажа каардынатар экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзім Мажэйка.

Як высветліў інтэрнэт-рэсурс «REFORM.by», пра чыстату ў Ветцы Лукашэнку распавядала не зусім выпадковая жыхарка, а намесніца дырэктара ў пытаннях ідэалогіі мясцовага спецлясгасу Тамара Убожанка. А вось гэта рэплікі Любові Арэх, старэйшай медсястры раённага шпіталю:

«Я хачу, каб тут раслі мае ўнукі, праўнукі, я застануся тут да канца жыцця. Самае галоўнае, каб вы падтрымлівалі мір, каб у нас заўжды свяціла сонца!» – «Я ваяваць не хачу». – «Мы таксама не хочам!»

Ролю народу сыгралі таксама былы і цяперашні кіраўнікі Веткаўскага раённага аб’яднання арганізацыяў прафсаюзаў Уладзімір Бялоў і Вадзім Гаўрылаў. Атрымоўваецца амаль як у знакамітай пʼесе Яўгенія Шварца.

Імітацыя народнай любові – не новае для дыктатараў. Бывае нават і свая асабістая масоўка, якая пераходзіць з адной сустрэчы да іншай. Як у гаспадара Крамля. Гэтак, у 2017 годзе Уладзімір Пуцін некалькі разоў зʼяўляўся ў кадры з аднымі і тымі ж асобамі.

«Тэхналагічна хочуць паказаць, што ёсць еднасць народнага прэзідэнта і народу, а народ мусіць мець прадстаўнікоў. І таму гэтых прадстаўнікоў, як найлепшых гараджанаў у Шварца, заўсёды прадстаўляюць такім чынам. Яны маўкліва чакаюць загаду, каб нешта сказаць, і распрацаваныя сцэнары, што яны кажуць», – мяркуе аналітык «MediaIQ» Паўлюк Быкоўскі.

Пабачыць у палітыку перадусім чалавека хоча электарат любой краіны. Але…

«Калі ты дыктатар, ты не можаш паказваць рэальнага чалавека ў сабе. Ты будзеш рабіць фармальныя сустрэчы а-ля паседжанні камсамолу, будзеш разносіць: калі надоі не павысяцца, мы з табою разбяромся», – кажа эксперт у кіраванні рэпутацыяй, украінскі паліттэхнолаг Барыс Тызэнгаўзэн.

І нават спробы прапаганды стварыць імідж Лукашэнкі як маладога, сучаснага, поўнага сілаў кіраўніка выглядаюць неарганічна, кажа наш эксперт:

«Умоўна кажучы, камсамольцы ў атачэнні Лукашэнкі прыдумалі яго неяк амаладзіць: мерч нейкі ў яго ёсць, нейкія “Бацькавы булкі”, спаборніцтвы, нейкае глупства з сячэннем дроваў сярод журналістаў. Быццам бы нешта сучаснае, але гэта на яго не нацягваецца. Не трэба на Брэжнева нацягваць нейкія хіпстарскія худзі».

Вадзім Мажэйка адзначае, што яшчэ ў 90-ыя гады Лукашэнка выглядаў досыць натуральна ў вобразе блізкага да народу кіраўніка, але з гадамі вобраз губляўся. Цяпер з гэтым яшчэ горш:

«Пасля 2020 года ёсць моцнае адчуванне, што Лукашэнка больш не зможа ніколі, як раней, на Дзень незалежнасці выйсці да народу, з дзяўчатамі патанчыць перад натоўпам, як быццам, усё ок. Пасля 2020 года, здавалася, такое больш ніколі немагчыма».

Але прапагандысты, відаць, спрабуюць пераканаць усіх у адваротным.

Алесь Яшчанка, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама