Грэка-каталіцкага святара асудзілі на 45 содняў арышту

30 содняў арышту да раней прысуджаных 15. Тэлеграм-канал «Хрысціянская візія» паведаміў, што з-за кратаў не выпусцілі грэка-каталіцкага святара з Полацку, айца Аляксандра Шаўцова, – за нібыта «экстрэмісцкія матэрыялы» і «масавыя мерапрыемствы»:

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Нагадаем, што былы нунцый Апостальскай Сталіцы ў Беларусі, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, прыбудзе на сёлетнія ўрачыстасці ў Будслаў у якасці папскага легата (адмысловага пасланніка). Такім чынам, падчас яго візіту грэка-каталіцкі святар будзе знаходзіцца ў турме».

Напярэдадні ГУБАЗіК пахваліўся затрыманнем Уладзіслава Беладзеда, які служыў клерыкам у Менскай архікатэдры. Карнікі вінавацяць семінарыста ў тым, што ён нібыта прапаноўваў ліквідаваць ГУБАЗіК і гаварыў, што міліцыянты заслугоўваюць пажыццёвага зняволення за свае злачынствы. Даносы на клерыка напісалі расейскія імперыялістычныя рэсурсы.

«Прасоўванне расейскага свету ў ідэалогію сучаснай беларускай дзяржавы, ва ўладныя структуры і гэтак далей. А таксама антыпольская кампанія, што вядзе рэжым, бо касцёл у Беларусі, прынамсі ва ўладаў, асацыюецца з Польшчай», – каментуе журналіст Максім Гацак, журналіст і каталіцкі блогер.

А ў сталіцы – яшчэ адная навіна, што выклікае неспакой у вернікаў. «Менская спадчына» бярэцца за рамонт касцёлу Узвіжання Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках. Менавіта гэтая арганізацыя вось ужо дзявяты месяц фармальна рамантуе і трымае зачыненым Чырвоны касцёл. Па тлумачэнне мы патэлефанавалі намесніцы ўпаўнаважанага ў справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Беларусі Алены Радчанкі:

«Цяперашнія працы звязаныя з рамонтам – яны ажыццяўляюць». (…) «Менская спадчына – гэта ўсё ў рамках Менскага гарвыканкаму. Не магу вам пракаментаваць».

Кіраўнікі «Менскай спадчыны» цягам дня не ўзялі слухаўкі. Ці не закрыюць пад выглядам рамонту чарговую каталіцкую святыню? Кальварыйскі касцёл, гэтаксама як і Чырвоны, не належыць парафіі. У гэткім жа статусе – магілёўская катэдра і касцёл у Бабруйску, а таксама Касцёл Божага Цела ў Нясвіжы. Усе гэтыя святыні цяпер пад рызыкаю закрыцця – рэжым скасаваў дамовы аб бясплатнай арэндзе для парафіяў. Аднак біскупы не выказваюць публічнага абурэння.

«У іх выбар: або распавесці праўду (тое, што адбываецца); або заклікаць да салідарнасці – і тым самым падставіць пад рэпрэсіі ўсіх сваіх вернікаў, усю сваю паству; або гэтым павінныя займацца іншыя людзі», – кажа Віталь Рымашэўскі з «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі»

Днямі ў Бруселі прайшла канферэнцыя, прысвечаная пераследу рэлігіі ў Беларусі, куды былі запрошаныя як святары, гэтак і свецкія дзеячы ды замежныя палітыкі.

«Мы ўжо прынялі некалькі рэзалюцыяў наконт пераследу вернікаў у Беларусі. Я думаю, што мы заклічам еўрапейскія краіны прымаць новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі», – гаворыць дэпутат Еўрапарламенту з Літоўскай Рэспублікі Юозас Оляксас

Пакуль жа рэжым працягвае наступ на каталіцкую супольнасць, спрабуючы паставіць структуру Касцёлу пад кантроль спецслужбаў.

«Касцёл цяпер пад наймацнейшым прэсінгам. Усё, што мы даведваемся пра гэтыя затрыманні, гэта проста кропелька на вяршыні айсбергу. Гэта ўжо нават не сакрэт, што пастаянныя візіты святароў – выклікі ў КДБ, у міліцыю, тлумачэнні, размовы, дзе былі, што бачылі», – распавёў тыдзень таму ў эфіры студыі «Белсат» каталіцкі публіцыст Арцём Ткачук.

Сярод святароў усіх канфесіяў менавіта каталіцкае духавенства займае першае месца паводле колькасці пераследаваных. Агулам пасля 2020 года рэжым затрымліваў прынамсі 13 рыма-каталіцкіх і 4 грэка-каталіцкіх святароў.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама