Ад Рыгора Кастусёва два месяцы няма вестак з-за кратаў

Два месяцы ў няведанні. Родныя палітычнага вязня Рыгора Кастусёва, які адбывае за кратамі 10-цігадовы тэрмін, не атрымліваюць ад яго лістоў з пачатку траўня.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Апошняя паштоўка, нават не ліст, была 9-га траўня з віншаваннямі да дня народзінаў ягонай жонкі. Але бачна, што ў яго вельмі вялікія праблемы з ліставаннем, бо лісты яму не даходзяць. Бывае, піша, што “не атрымаў адказу, таму пішу зноў”. Таму апошнія лісты былі больш перапісваннем аднаго і таго ж», – распавёў зяць Рыгора Кастусёва Зміцер Антончык.

Рыгора Кастусёва асудзілі ў межах гэтак званай справы аб змове з мэтаю захопу ўлады ў верасні 2022-га года. За кратамі ў былога старшыні Партыі БНФ пачаліся праблемы са здароўем. У яго выявілі анкалагічнае захворванне. А сёлета ў сакавіку Рыгору Кастусёву зрабілі аперацыю.

Лідар партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Фота: TUT.BY

У змове з мэтаю захопу ўлады рэжым прызнаў вінаватымі і фігурантаў гэтак званай справы аналітыкаў Ціханоўскай. А яшчэ – у распальванні сацыяльнай варожасці і закліках да санкцыяў. Дваццаці асобам лукашэнкаўскі суд прызначыў ад 10 да 11,6 гадоў зняволення.

«Гэтая справа закранае не ўсіх экспертаў, але вялікую частку экспертнай супольнасці. На жаль, яна ў нас не вельмі вялікая. Я не ведаю, па якім прынцыпе гэта ўключалася. Можа на той момант, калі следчым гэта прыйшло ў галаву, мы былі найбольш вядомыя. Або проста апынуліся не ў тым месцы і не ў той час», – адзначыла фігурантка справы «аналітыкаў Ціханоўскай», даследніца Вірджынскага палітэхнічнага ўніверсітэту Кацярына Шмаціна.

Крымінальную «справу аналітыкаў Ціханоўскай» разглядалі ў межах гэтак званага спецыяльнага вядзення. Прысуды таксама выносіліся завочна. Бо ўсе дваццаць фігурантаў – за межамі Беларусі.

«Ёсць значна большая колькасць людзей, якія знаходзяцца ў жудасных умовах і не віртуальна тэрміны атрымоўваюць, а рэальна тэрміны атрымоўваюць, сядзяць у вязніцах. Таму я б не перабольшваў гэтую падзею», – распавёў палітолаг і фігурант справы «аналітыкаў Ціханоўскай» Павел Усаў.

Выракі фігурантам не набылі моцы, іх можна абскардзіць, нібыта абнадзеілі ў Генеральнай пракуратуры. Аднак практыка такіх справаў у сучаснай Беларусі паказвае: на апеляцыю разлічваць не варта. Іншая рэч – прыцягваць увагу да дзеянняў рэжыму на міжнароднай арэне.

«Паколькі я жыву ў Злучаных Штатах, цікавасць да гэтага кейса ёсць – і ў абедзвюх палатах Кангрэсу і ў мясцовых журналістаў. Таму зараз я намагаюся прыцягваць увагу да больш шырокага кейса Беларусі, палітзняволеных», – распавяла Кацярына Шмаціна.

Праз паўтара тыдня будзе тры гады, як рэжым трымае за кратамі нобэлеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага. Пра некаторыя ўмовы, у якіх перабывае палітычны вязень, паведаміла радыё «Свабода» са спасылкаю на свае крыніцы. Гэтак, Алеся Бяляцкага пазбавілі перадачаў. Прычым з волі яму нельга даслаць нават лекі.

Ірына Юр’ева, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама