Што прынесла з сабой непагадзь у Беларусі

Камунальныя службы, брыгады электрасетак, МНС-нікі працавалі сёння ва ўзмоцненым рэжыме. У шэрагу паселішчаў ліквідавалі наступствы шквалістага ветру і моцнай залевы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Залевы з навальніцамі пачаліся ўчора, працягваліся і ўначы.

Гэтак, у Баранавічах цягам 12-ці гадзінаў выпала 17 міліметраў ападкаў. Каналізацыя не дала рады адвесці ваду, таму шэраг вуліцаў ператварыліся ў рэкі.

Паводле Міністэрства надзвычайных сітуацыяў, найбольш ад непагоды пацярпелі Полацкі і Вушацкі раёны Віцебскай вобласці, а таксама Барысаўскі і Слуцкі – Менскай.

Парывы ветру падчас урагану сягалі 24-ох кіламетраў за гадзіну. Непагадзь пашкодзіла дахі двух дзясяткаў жылых дамоў, пацярпелі два вытворчыя і адзін сельскагаспадарчы будынак. Ратаўнікі зафіксавалі 73 выпадкі падзення дрэваў, каля трох дзясяткаў з іх – ва Ушачах. У мястэчку ёсць і пацярпелы – адно з дрэваў упала на мужчыну, які атрымаў траўму галавы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Залева ў Горадні. 17 ліпеня 2021 года. Фота: Белсат

Агулам у Беларусі, паводле Міністэрства энергетыкі, электрычнасць праз стыхію адключалі амаль у васьмістах паселішчах. Амаль у 130-ці з іх аднаўленчыя працы працягваліся яшчэ сёння раніцай. Наступствы шторму ліквідавалі 148 аварыйных брыгадаў.

Непагадзь не толькі прыпыніла ці запаволіла рух на некаторых дарогах, асабліва мясцовага значэння. Паводле прэс-службы Беларускай чыгункі, на некалькі гадзінаў спазняліся ў Менск цягнікі віцебскага кірунку.

Палёгку залевы прынеслі прыродзе. Калі на мінулых выходных Міністэрства лясной гаспадаркі праз сухое гарачае надвор’е забараняла наведваць лясы амаль ува ўсёй краіне, то сёння забарона датычыць толькі паўднёвага ўсходу – тэрыторыі Гомельскай вобласці.

Паводле сіноптыкаў, атмасферны фронт пакідае Беларусь вельмі павольна. Уначы на ​​большай частцы краіны, а заўтра ва ўсходніх раёнах пройдуць дажджы, месцамі чакаюцца залевы і навальніцы. Тэмпература паветра – да 24-ох градусаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама