Крэдыты для беларусаў патаннелі

Крэдытаў больш як на 6 мільярдаў рублёў. Такую суму сёлета беларусы пазычылі ў банках. Гэта ў параўнанні з мінулым годам менш на 4 адсоткі. Такія звесткі падае Нацыянальны банк.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На думку эксперткі Настассі Лузгіной, зніжэнне звязанае з асцярогамі насельніцтва: пасля пачатку вайны ва Украіне і людзі, і банкі чакалі глабальнага фінансавага крызісу. Таму першыя неахвотна бралі крэдыты, а другія неахвотна давалі.

«У сукупнасці гэта вызначыла тое, што ў першыя месяцы вайны ў Украіне такая дынаміка назіралася. Але ў прынцыпе, гэта аказвае ўздзеянне і цяпер, хаця рынак працуе больш спакойна».

Цяпер Нацбанк мае намер выправіць сітуацыю. Пасля замарожвання ў пачатку сакавіка дзеяння разліковых велічыняў стандартнай рызыкі іх ізноў вярнулі ва ўжыванне, а з лістапада значна знізілі. У выніку пайшлі ўніз стаўкі па крэдытах. Зрэшты, 18 адсоткаў гадавых для крэдыту на спажывецкія патрэбы, як прапануюць цяпер банкі, усё роўна зашмат, мяркуе эканамістка Аліса Рыжычэнка. Асабліва ў параўнанні з краінамі Еўразвязу:

«Працэнты па крэдытах {у Беларусі} проста вялізныя. Калі браць Еўропу, авердрафтныя крэдыты ёсць аўтаматычна на ўсіх картках. Але там працэнты, нават калі ты там на паўгода пратэрмінаваў, максімум тры працэнты».

Паводле «Белстату», сёлета ў траўні медыянны заробак шараговага жыхара Беларусі складаў адну тысячу 166 рублёў. Цяпер пры такім даходзе ён можа атрымаць гадавы крэдыт на 5 тысячаў рублёў – запэўнілі нас у адным з буйных камерцыйных банкаў. Калі трэба большая сума, адпаведна павялічыцца і тэрмін дамовы:

«У нашым банку вы можаце разлічваць на суму ў 5 000 беларускіх рублёў. Калі павялічыцца тэрмін крэдытавання, то, канешне, у такім выпадку сума становіцца вышэйшай».

А вось вынік тэлефанавання ў іншы банк быў нечаканы:

«Афармленне і выдача крэдытаў фізічным асобам зараз прыпыненая. Аб аднаўленні будзе паведамлена дадаткова».

Паводле «Белстату», з сакавіка рэальныя заробкі ў Беларусі ўсцяж зніжаюцца. Колькасць занятых у эканоміцы, то бок падаткаплатнікаў, скарацілася з пачатку года на 50 тысячаў чалавек. Ці варта ў такой сітуацыі браць крэдыт? А калі так, то на якія патрэбы?

«На адукацыю можна браць крэдыт, таму што атрымаеш новую спецыяльнасць – заробіш грошы, – лічыць Аліса Рыжычэнка. – Браць крэдыт не трэба, калі вы вырашылі набыць нейкую рэч, якая не вельмі тэрмінова патрэбная, ці без якой можна пацярпець, ці можна проста пачакаць і сабраць грошы».

Што датычыць юрыдычных асобаў, то яны, наадварот, бралі сёлета больш крэдытаў, чымся летась. Пры гэтым значна павялічылася колькасць кароткатэрміновых пазык – амаль на 17 адсоткаў. Настасся Лузгіна тлумачыць гэта ўплывам санкцыяў, бо доўгатэрміновыя крэдыты бізнэс бярэ пад фінансаванне інвестыцыйных праектаў. Сёння ж такія магчымасці абмежаваныя, і бізнес прыстасоўваецца да сітуацыі. Прычым дзяржаўныя прадпрыемствы маюць прывілеі.

«Дзяржаўным кампаніям у пэўнай ступені дапамагае бюджэт: нейкія магчымасці шукае, падтрымку аказвае, – кажа экспертка «Белсату». – Прыватнікі ў такіх умовах мусяць самі шукаць шляхі далейшай працы. Зыходзячы з гэтага, яны больш актыўна бралі кароткатэрміновыя крэдыты».

Агульная запазычанасць беларусаў перад банкамі на кастрычнік склала 16 з паловаю мільярдаў рублёў.

Ян Федаровіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама