У якім стане знаходзіцца беларускае ІТ?

Абмежаванні на продаж і абнаўленне праграмнага забеспячэння, адмовы ў пастаўках тэлекамунікацыйнага абсталявання – такія, маўляў, прычыны стрымлівання ўкаранення сучасных тэхналогіяў і паслугаў у Беларусі. Гэта словы прэм’ера Галоўчанкі на лічбавым форуме ў Казахстане. А што пра першапрычыны гэткіх абставінаў кажуць спецыялісты?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«ІТ-сферы ў Беларусі, напэўна, утрая цяжэй. Адбыўся адцёк спецыялістаў, паводле розных ацэнак, ён складае ад 45 да 50 % ад колькасці людзей, якія былі да 2020 года. Горш за ўсё, што зʼязджаюць перадусім добрыя спецыялісты, якія могуць знайсці сабе працу паўсюль. Вымываецца экспертыза, безумоўна памяншаецца колькасць талентаў. Усё гэта працягвае адбывацца», – каментуе Павел Лібер.

ІТ-спецыялісты актыўна ўдзельнічалі ў паслявыбарчых пратэсах 2020 году. Праз затрыманні і рэпрэсіі бізнес стаў разглядаць магчымасці рэлакацыі. Адцёк закрануў перадусім буйныя кампаніі, для якіх у краінах Еўразвязу стварылі адмысловыя праграмы. У выніку ў Беларусі ІТ-галіна зазнала падзенне заробкаў. Паводле дадзеных Белстату, медыянны заробак айцішнікаў у лістападзе летась стаўся мінімальным за апошнія два гады. Рэлакацыя бізнесу вядзе, у сваю чаргу, да скарачэння магчымасцяў для маладых спецыялістаў, пра што на ўмовах ананімнасці «Белсату» распавёў праграміст-пачатковец.

«Спецыялістам-пачаткоўцам цяпер сапраўды няпроста. Па-першае, з краіны зʼязджаюць буйныя карпарацыі, што мелі ў тым ліку і адукацыйную інфраструктуру: яны маглі дазволіць узяць да сябе на навучанне нават чалавека без ведаў, часам увогуле бясплатна. Па-другое, раней шмат кампаніяў маглі дазволіць узяць да сябе джуньёр-спецыяліста “на перспектыву”. Цяпер жа большасць кампаніяў шукае спецыялістаў узроўняў мідл і сіньёр. Яны не ўпэўненыя, што браць кагосьці на перспектыву ў сённяшніх абставінах мэтазгодна».

На гэтым фоне Галоўчанка ўзгадвае пра важнасць нацыянальнага суверэнітэту ў сферы лічбавага развіцця ды аптымістычна кажа: праблемы ўдасца закрыць уласнымі распрацоўкамі ды інфраструктураю.

«З-за таго, што амаль усё ІТ у Беларусі заўсёды было прыватным сектарам, у дзяржаўным сектары цяпер практычна няма ні спецыялістаў, ні тэхналогіяў. Яны спрабуюць цяпер штосьці знайсці ў Расеі, штосьці ў Кітаі. Але, безумоўна, самастойнай экспертызы і тэхналагічнай і вытворчай у краіне папросту няма. Я б да словаў Галоўчанкі ставіўся з вялікай доляй скепсісу і з добрым пачуццём гумару», – кажа Павел Лібер.

Сапраўды, узяць хаця б нядаўна прэзентаваны так званы беларускі ноўтбук, што, на думку экспертаў, да дзевяноста адсоткаў складаецца з кітайскіх кампанентаў. Ці фраза Лукашэнкі пра тое, як ён стаяў ля вытокаў развіцця штучнага інтэлекту ў Эміратах. Дык якія цяпер перспектывы ў беларускай ІТ-індустрыі, сферы, што апошняе дзесяцігоддзе складала заўважную частку валавога ўнутранага прадукту краіны?

«Каб развіваць ІТ, патрэбны доступ да спажывецкага рынку, каб яны маглі прадаваць свае паслугі, прадукты. У дадзеным выпадку гэтага няма. Беларусь ізаляваная ад асноўных спажыўцоў. Унутраны рынак не развіты, нават недаразвіты», – кажа ўдзельнік Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой Яраслаў Кот.

Як правіла, высокатэхналагічны прадукт беларусы рабілі на экспарт для ЗША, Еўропы, Паўднёвай Карэі, Аўстраліі. Пасля падтрымання Лукашэнкам вайны ва Украіне гэтыя краіны пераважна не рызыкуюць мець стасункі з бізнесам Беларусі. Пераарыентацыя ж, напрыклад, на Расею, прывядзе да падзення якасці прадукту, узроўню паслугаў ды зніжэння канкурэнтаздольнасці, кажа Яраслаў Кот. Адабʼецца гэта і на беларусах, якія непасрэдна з ІТ-сфераю не звязаныя:

«Будзе падаць дабрабыт, падаць заробкі вядома будуць. Ну і выбар, калі нешта захочуць купіць якаснае, выбар будзе меншы і кошты будуць вышэйшыя. У плане хлеба і відовішчаў людзі могуць не адразу заўважыць што адбываецца. Але калі яны хочуць чагосьці больш чым проста паесці і паглядзець серыял ці выпіць піва, то з гэтым ужо будуць сапраўды праблемы».

Рысы ж таго, куды збіраюцца прыкладаць асноўныя IT-высілкі ў сучаснай Беларусі, вымалёўваюцца хаця б з прынятай некалькі дзён таму пастановы Саўміну «Аб парадку функцыянавання інфармацыйнай сістэмы». Раней сістэму сачэння ў рэжыме онлайн за карыстальнікамі інтэрнэту мусілі мець аператары электрасувязі. Цяпер жа, праз адмыслова распрацаванае праграмнае забеспячэнне – аператыўна-аналітычны цэнтр і КДБ.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама