Рэжым вызваляе палітвязняў у цяжкім стане?

Яшчэ з раніцы праваабарончыя ініцыятывы і актывісты прапанавалі чакаць добрых навінаў з беларускіх калоніяў. То бок вызвалення палітычных зняволеных.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Я думаю, што гэта вельмі хвалюючы дзень, вялізная колькасць сем’яў чакае інфармацыі, пацверджання. Насамрэч людзей, якім патрэбная дапамога і якія ў месцах зняволення, нашмат больш. Уявіце, колькі людзей падумаліў: а раптам гэта нашага будуць вызваляць, а раптам гэта наша мама вернецца», – кажа прадстаўніца Абʼяднанага пераходнага кабінету ў сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова.

Пра тое, што асуджаныя паводле палітычных артыкулаў неўзабаве выйдуць на волю, Лукашэнка заявіў напярэдадні:

«Не здзіўляйцеся, калі праз некалькі дзён на волю выйдуць вельмі цяжкахворыя, як яны пішуць, нашы, якія не паспелі збегчы і знаходзяцца ў месцах на такіх аддаленых, якія ламалі і разбуралі краіну ў 2020 годзе».

Сёння ж набыў моц Закон аб амністыі, які закранае амаль 8 тысяч асуджаных. Але не тых, каму прысудзілі няволю паводле справаў, напрыклад, аб масавых беспарадках ці за распальванне варожасці, ці з шэрагаў так званых экстрэмістаў.

«Нічым не адрозніваецца гэты закон ад папярэдніх законаў пра амністыю. Напрыклад, калі я яшчэ быў у зняволенні ў 22-м годзе, таксама выйшла амністыя. Мы тады, палітычныя, шапталіся паміж сабою ў атрадах: ці дасць Лукашэнка нам амністыю. Не даў. Тады не даў і зараз не даў», – кажа праваабаронца, былы палітвязень Леанід Судаленка.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», цяпер у турмах утрымліваюцца больш 1400 палітычных зняволеных. Прынамсі 254 з іх – у асаблівай рызыцы. Сярод іншага, маюць цяжкія хваробы, сталы век, інваліднасць ці ментальны разлад.

«Вельмі складана ва ўмовах адсутнасці вітамінаў, падае імунітэт, вельмі складана захаваць у тых умовах здароўе, тым больш, што медыцына там ніякая, там яе наогул няма. Асабліва да палітычных такое стаўленне, як не да людзей», – кажа Леанід Судаленка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сцены і вышка калоніі № 5 у Івацэвічах. Фота: postalovsky-a.livejournal.com

Таму тэма беларускіх палітычных вязняў бадай адна з самых гучных у міжнародным асяродку. Гэтак, сёння сталася вядома, што эксперты ААН заклікалі вызваліць зняволеных, старэйшых за 60 гадоў. Падобнае патрабаванне прагучала і ад дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена ў віншаванні з афіцыйным Днём Незалежнасці Беларусі. Ці не праз гэткія міжнародныя заклікі выйшлі сёння на волю палітвязні?

«З афіцыйным Менскам заўсёды вяліся перамовы, гэта ні для каго не сакрэт. Пра гэта казалі і самі прадстаўнікі Менску і прадстаўнікі іншых краінаў, што выступалі пасярэднікамі. Кажучы пра тое, што менавіта на гэта паўплывала, я б хацела нагадаць, што гуманітарныя місіі – гэта тое, што не павінна палітызавацца і і не павінна выкарыстоўвацца», – кажа Вольга Гарбунова.

Аднак прадстаўнік Беларускай асацыяцыі палітвязняў «Да волі» Алег Кулеша іншай думкі:

«Заўжды тых людзей, якім застаецца месяц-два-тры жыцця, выводзілі на ўмоўна датэрміновае, каб паміралі ў памяшканні сваім».

На ягоную думку, у справе вызвалення вязняў дапамогуць не перамовы, а ўзмацненне і пашырэнне эканамічных абмежаванняў рэжыму:

«Калі мы зробім большы ціск на рэжым праз санкцыі (таму што іншых магчымасцяў у нас няма, але ў нас не ўведзена ніводная санкцыя па палітвязнях) – гэта спрыяла б падняццю гэтага пытання. Рэжым быў бы загнаны ў куток».

Абʼяднаны пераходны кабінет заклікае дзяліцца інфармацыяй пра тых, чый стан за кратамі пагаршаецца. Між іншага, бяспечна гэта можна зрабіць праз сайт сацыяльнай службы «Адно акно».

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама