Чым будуць адбівацца нашыя суседзі

У суседнюю Польшчу прыляцелі 4 брытанскія знішчальнікі «RAF Typhoon», каб правесці вучэнні, супольныя з іспанскай, італьянскай і польскай авіяцыяй. Яны 2 тыдні будуць адпрацоўваць удары па дальніх мішэнях – за межамі бачнасці. А заадно «Тайфуны» з паветра прыкрыюць Варшаўскі Форум бяспекі, куды прыляцела кіраўніцтва брытанскага і не толькі міністэрстваў абароны. Вайсковая імпрэза датычыцца і Беларусі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Хочаш міру – рыхтуйся да вайны. Сёння «Белсат» працуе на Варшаўскім форуме бяспекі, дзе галоўнымі тэмамі з’яўляюцца бяспека энергетычная і бяспека вайскова-палітычная. То бок як Еўразвязу пражыць без расейскіх нафты і газу, як прыбраць з еўрапейскіх гарадоў шпіёнаў Пуціна і Лукашэнкі і як Еўропе ў цэлым адрасціць зубы, каб адпужнуць патэнцыйнага агрэсара.

Раней імпрэзы, прысвечаныя ўзбраенням і бяспецы былі сходамі вузкіх спецыялістаў. Сёння абарона – гэта модна. Расейская агрэсія супраць Украіны прымусіла еўрапейскае грамадства даць грошай генералам.

«За апошнія пару гадоў вы ўсе заўважылі, што блок NATO і яго саюзнікі праводзяць значна больш вучэнняў, чым раней. І гэта драйвер зменаў у нашых войсках», – адзначыў памочнік генеральнага сакратара NATO у планаванні Энгус Лэпслі.

Сёлетні ўзровень форуму – сакрэтныя сустрэчы міністраў абароны і камандуючых, публічныя выступы цывільных урадоўцаў і адмыслоўцаў, дыскусіі пра лёс Украіны ў NATO і пашырэнне прысутнасці саюзнікаў побач з Беларуссю. Адбываюцца і прэзентацыі тэхналогіяў: ад фрэгатаў да штучнага інтэлекту.

«Мы мусім быць гатовымі да разнастайных сцэнароў развіцця падзеяў і памятаць, як дынамічна змяняецца асяроддзе ды змяняюцца пагрозы, асабліва тут, на ўсходнім флангу», – падкрэсліў камандзір Аперацыйнага камандавання Узброеных сілаў Польшчы Томаш Пётроўскі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Знішчальнік «Eurofighter-EF-2000-Typhoon» Каралеўскіх ВПС. Фота: Wikipedia / airliners.ne

Адзін з агучаных сёння тэзісаў: узбраенні і трэнаваныя вайскоўцы тут былі патрэбныя «на ўчора». Цяпер нашыя суседзі актыўна купляюць зброю. Калі ўсе кантракты будуць выкананыя, Польшча будзе другой краінай у свеце па колькасці высокамабільных і высокадакладных ракетных сістэмаў кшталту «HIMARS». Тое самае – з асноўным амерыканскім ударным верталётам «Апачы».

«У амерыканскім войску – 800 баявых верталётаў “Апачы”. Гэта 26 эскадрылляў. Польшча паступова робіцца другім у свеце карыстальнікам “Апачы” і гэтых баявых сістэмаў», – распавёў падчас прэзентацыі сістэмаў верталёту Эдам Годжэз, вайсковец у адстаўцы, які цяпер прадстаўляе карпарацыю «Boeing».

Нам удалося паразмаўляць і з вытворцамі шведскага лятучага радару, што працуе па прынцыпе «AWACS», і праз пару месяцаў стане на службу Польшчы. Як кажа віцэ-дырэктар продажаў «SAAB» Стэн Сёдэстрэм, самалёт добра абаронены ад сістэмаў Радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ) войска Лукашэнкі.

«Гэта самалёт радыёвыяўлення. Гістарычна гэта заўжды былі вялікія платформы і вялікія сістэмы для супердзяржаваў. А мы паставілі радарную сістэму на меншую платформу і зрабілі яе дасяжнай для меншых дзяржаваў. І што важна, бо Зямля не плоская, а круглая – гэты самалёт бачыць цэлі за гарызонтам», – патлумачыў Стэн Сёдэстрэм.

Але навошта гэта ўсё? Каб у Еўразвязе не паўтарылася тое, што адбылося ва Украіне.

«Мы праходзілі фільтрацыйныя лагеры ў намётах. І было чуваць, як у суседніх намётах людзі крычалі, іх там білі. Людзям надзявалі кардон на твар, абмотвалі скотчам і кудысьці вывозілі. Мы цудам прайшлі. Хаця мяне расейскія вайскоўцы пагражалі забіць, настаўлялі на мяне зброю», – распавёў нам украінскі падлетак Алег Афанасьеў, які таксама ўдзельнічае ў Варшаўскім форуме бяспекі.

Алег жыў у паселішчы Гнутава пад Марыупалем і цяпер можа распавесці еўрапейскім палітыкам, калі бамбяць мацней – падчас гібрыднай ці адкрытай вайны Расеі супраць Украіны. Алегу пашанцавала: разам з сямʼёй ён змог выехаць з акупаваных тэрыторыяў.

«На акупаваных тэрыторыях часта людзям пагражалі, што пазбавяць іх бацькоўскіх правоў, калі яны не адправяць дзяцей на адпачынак на некалькі тыдняў. І гэта можа быць і Крым, і Расейская Федэрацыя. А потым знайсці гэтых дзяцей не заўжды было магчыма», – падкрэслівае прадстаўніца ўкраінскага дабрачыннага фонду «Галасы дзяцей»Эльзара Галімава.

Заўтра на Варшаўскім форуме бяспекі выступіць Святлана Ціханоўская, запланавана некалькі працоўных сустрэчаў. А мы распавядзем самае важнае.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама