Карнікі зарабляюць грошы ў Еўразвязе

Неймаверна, але факт. Карнікі пасля сыходу з органаў бяспекі Лукашэнкі ўладкоўваюцца на працу ў краінах Еўразвязу. На гэта звярнула ўвагу Аб’яднанне былых беларускіх сілавікоў «BELPOL» у сваім новым расследаванні.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Яны мяркуюць, што тры гады – гэта дастатковы тэрмін, каб беларусы забыліся пра здзейсненыя прыслужнікамі рэжыму злачынствы. Або лічаць, што іх датычнасць да здзяйснення гэтых злачынстваў не будзе даказаная. Таму карнікі працягваюць бесперашкодна прыязджаць на тэрыторыю ЕЗ», – разважае прэсавы сакратар «BELPOL», блогер Аляксандр Кабанаў.

«BELPOL» паведамляе прынамсі пра некалькі такіх выпадкаў:

«Дзмітрый Скорабагаты. Былы намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Цэнтральнага РАУС Гомля. 19 чэрвеня 2020 года кіраваў затрыманнем людзей у Гомлі. Працуе дальнабойнікам у ЕЗ.

Алег Покуц. Былы начальнік аддзелу наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі Цэнтральнага РАУС Гомля. Браў удзел у задушэнні пратэстаў у Гомлі 29 жніўня 2020 года. Навучаецца на кіроўцу фуры ў ЕЗ.

Дзмітрый Грасевіч. Былы начальнік аддзелу наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі Кастрычніцкага РАУС Горадні. Збіваў затрыманых у будынку РАУС. Цяпер на тэрыторыі ЕЗ».

«Асноўная мэта іх знаходжання ў ЕЗ – гэта заробак. Таму што для супрацоўнікаў міліцыі ёсць толькі адна магчымасць выехаць з краіны і нармальна зарабляць грошы – працаваць дальнабойнікам у ЕЗ», – лічыць прадстаўнік арганізацыі «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Зрэшты, былыя лукашэнкаўскія сілавікі могуць працаваць у Еўразвязе і паводле старога профілю. Вось меркаванне Аляксандра Кабанава:

«Рэжым можа выкарыстоўваць такіх асобаў для правядзення мерапрыемстваў выведкі і правакацыяў, а таксама для збору інфармацыі пра беларусаў, якіх прымусілі пакінулі радзіму».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Грузавыя машыны польскіх перавозчыкаў. 9 траўня 2023 года. Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Яшчэ два фігуранты расследавання «BELPOL» у Еўразвязе не працуюць, але прынамсі маюць магчымасць выязджаць туды. Гэта Аляксандр Корнеў – дзейны кіраўнік Папраўчай установы адкрытага тыпу нумар 49 Магілёўскай вобласці. Ды Іван Наўмёнаў – былы кіраўнік ізалятару часовага ўтрымання РАУС Гомельскага аблвыканкаму. Як увогуле гэтыя асобы могуць выязджаць у Еўразвяз, хай і нібыта з турыстычнымі мэтамі?

«Мы пастаянна рыхтуем прапановы па ўнясенні ў санкцыйныя спісы персаналій, якія звязаныя з здзяйсненнем злачынстваў на тэрыторыі Беларусі. Як на ўзроўні ЕЗ, так і на ўзроўні ўрадаў, – кажа намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі, лідар НАУ Павел Латушка. – Трэба зразумець, што гэта даволі карпатлівая праца. Але таксама нефармальна ёсць ліміты, напрыклад, з боку Еўрапейскага Звязу, які не гатовы ўносіць у санкцыйныя спісы сотні асобаў».

Уладзімір Жыгар бачыць дзейсны інструмент, які дазволіць адсочваць прыезд былых сілавікоў, што заплямілі сабе ў рэпрэсіях супраць беларусаў:

«Калі ўсе дэмакратычныя сілы змогуць дамовіцца з краінамі ЕЗ, і тыя пагодзяцца праводзіць свайго роду верыфікацыю, напрыклад, праз нашую каманду, то мы зможам разумець, хто прыязджае ў ЕЗ».

Што праўда, адзначае Павел Латушка, да прыкладу Польшча была гатовая прыняць нацыянальныя санкцыі ў дачыненні больш як трохсот асобаў, унесеных у спісы. Існуе і іншы варыянт развязання гэтай праблемы.

«Мы павінны разумець, што для нас вельмі важным зʼяўляецца прыцягненне да адказнасці тых асобаў, якія здзейснілі злачынствы на тэрыторыі Беларусі. Таму лепшым выхадам было б, каб беларусы інфармавалі нас, адвакатаў, іншыя праваабарончыя арганізацыі, што на тэрыторыі краінаў, на якіх яны сёння пражываюць, знаходзяцца асобы, якіх падазраюць у здзяйсненні злачынстваў супраць іх», – разважае Павел Латушка.

У такім выпадку, мяркуе Павел Латушка, улады краінаў ЕЗ змаглі б прыцягнуць гэтых асобаў да адказнасці ў межах універсальнай юрысдыкцыі.

Ян Федаровіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама