Беларусь можа страціць яшчэ 500 мільёнаў еўра

Літва і Латвія падтрымалі ініцыятыву Эстоніі наконт уключэння ў санкцыйны спіс беларускіх нафтапрадуктаў з кодам 2707, паведамляюць эстонскія медыі. Далучыцца да гэтае ініцыятывы міністры замежных справаў балтыйскіх краінаў заклікалі і Брусэль. Колькі яшчэ грошай можа страціць беларускі рэжым ад заходніх санкцыяў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Прэм’ер-міністры Літвы і Латвіі падтрымалі ініцыятыву Эстоніі наконт занясення ў санкцыйны спіс беларускіх нафтапрадуктаў пад мытным кодам два-сем-нуль-сем. Пра гэта яны заявілі пад час сустрэчы ў Рызе.

«Падчас прэс-канферэнцыі прэмʼер-міністарка заявіла, што тры балтыйскія краіны звернуцца да Бруселю з просьбаю аднавіць санкцыйны спіс і залучыць у яго тавары пад кодам 2707», – распавядае журналіст Delfi.ee Хольгер Роонэмаа.

Нацыянальныя санкцыі супраць беларускай нафтаўкі Эстонія ўвяла, каб змусіць рэжым Лукашэнкі да выканання міжнародных абавязкаў, захавання правоў чалавека і вызвалення палітычных зняволеных, колькасць якіх усцяж расце.

«Гэта вельмі сумная тэндэнцыя, важна, каб міжнародны ціск на Беларусь працягваўся з мэтай вызвалення палітзняволеных», – заявіла міністарка замежных справаў Эстоніі Эва-Марыя Ліймэтс.

Нагодаю для санкцыяў стала расследаванне журналістаў «Белсату» пра невялічкі экспартавы цуд, будаваны беларускім рэжымам на транзіце нафтапрадуктаў з мытным кодам 2707.

«Мы пастанавілі ўвесці дадатковыя санкцыі з боку Эстоніі, што абмяжуюць тавары з кодам 2707 – гэта аліва на базе каменнага вугалю», – падкрэсліла прэмʼер-міністарка Эстоніі Кая Калас.

У адрозненне ад мазуты, бензіну, дызелю, што транспартаваліся пад мытным кодам два-сем-адзін-нуль і летась трапілі пад заходнія санкцыі, аліва, бензол, талуол ды іншыя прадукты пад кодам 2707 без перашкодаў траплялі на Захад. Візуальна і паводле складу абедзве групы нафтапрадуктаў амаль не адрозныя.

«Мяжа паміж дызельным палівам, мазутай ды іншымі сумесямі вельмі тонкая, а код тавару заўжды выбірае той, хто падае дэкларацыю, таму тут ёсць прастора для злоўжыванняў. То бок, тэарэтычна магчыма, што пад выглядам араматычных вуглевадародаў (код 2707) пастаўляецца мазута (код 2710)», – тлумачыць эксперт Цэнтру макраэканамічнага аналізу і кароткатэрміновага прагназавання Уладзімір Сальнікаў.

Транспартаванне ажыццяўлялася з Наваполацку праз Латвію ў эстонскі порт Муўга. Супольнае расследаванне эстонскай газеты «Э́эсці Пяэвалехт», выдання «Рэбалтыка» і тэлеканалу «Белсат» паказала, што летась транзіт нафтапрадуктаў з кодам 2707 вырас утрая – да аднаго мільёна сямісот тысяч тонаў.

«За 11 месяцаў продаж алівы пад кодам 2707 склаў больш за € 500 млн. Гэта прыблізныя страты, што могуць атрымаць прыватныя кампаніі і дзяржава ў цэлым ад таго, што Эстонія забароніць продаж нафтапрадуктаў», – мяркуе журналіст Беларускага расследавальніцкага цэнтру Алесь Ярашэвіч.

Паводле расследавальнікаў, удзел у невялічкім экспартным цудзе ўзяў кіраўнік эстонскай кампаніі «Мэрктранс» Аляксей Чулец – даўні сябра Мікалая Варабʼя, набліжанага да Аляксандра Лукашэнкі. Калі санкцыі пачнуць дзейнічаць, пакуль невядома. Але ўжо цяпер эстонская мытня пільна правярае нафтапрадукты з Беларусі.

Антон Каменскі, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама