Іван Кубракоў: адказ будзе імгненны і канкрэтны

Пытанні гарантавання бяспекі застаюцца вельмі актуальнымі для лукашэнкаўскага рэжыму. У 17-хвіліннай размове з журналістам ОНТ з вуснаў міністра ўнутраных справаў Івана Кубракова выраз «запэўніць бяспеку» ў розных варыяцыях прагучаў прынамсі 15 разоў. Яшчэ прыкладна столькі ж асобна гучала слова «бяспека».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Бяспека будзе запэўненая, каб ніхто не турбаваўся, што там спрабуюць недзе сказаць пра тое, што мы прыйдзем, там каліноўцы, яшчэ нехта, прыйдзем у Рэспубліку Беларусь, больш не будзе кветачак… Усе яны цудоўна разумеюць, што мы працуем на апярэджванне. (…) Адказ будзе імгненны і канкрэтны», – заявіў Іван Кубракоў.

Што праўда, які менавіта адказ сілавікоў чакае каліноўцаў, што прыйдуць у Беларусь, міністр не ўдакладніў. Але падкрэсліў адзінства ў сілавым блоку і заявіў, што дапамога паміж ведамствамі надаецца без афармлення нейкіх дадатковых дакументаў, «па званку». Наколькі гэта законна, не паведамляецца.

«Біць пратэстоўцаў дубінкамі, калі яны не могуць нічым адказаць, гэта адно. А калі ў іх пойдуць “двухсотыя”, мы паглядзім, наколькі яны здольныя вытрымліваць гэтую нагрузку і колькі з іх не разбяжыцца. Каліноўцы – гэта тое, чаго не хапіла ў жніўні і верасні 2020 года. Той рашучай сілы, якой не хапала на плошчы, каб дапамагчы народу скінуць гэтую злачынную ўладу крывавую», – адрэагаваў на заяву Кубракова палітычны прадстаўнік палка Каліноўскага Зміцер Шчыгельскі.

2020-му году ў размове на ОНТ прысвяцілі шмат увагі. Кубракоў паведаміў, што тады прымаліся дадатковыя захады для гарантавання бяспекі сем’яў сілавікоў. А вось супраць пратэстантаў дзеялі нібыта мяккаю сілаю.

Іван Кубракоў. Фота: mlyn.by

«Працаўнікі міліцыі дзеялі вельмі мякка і вельмі акуратна: не было ні загінулых, ні пацярпелых, мы стараліся мінімальнымі сіламі запэўніць бяспеку, 742 і гэта ў нас атрымалася», – заявіў лукашэнкаўскі міністр.

Не згадаў Кубракоў, які ў час выбараў займаў пасаду начальніка Галоўнага ўпраўлення ўнутраных справаў Менскага гарвыканкаму, ні забойства Аляксандра Тарайкоўскага, ні збітага да смерці Рамана Бандарэнку, не кажучы ўжо пра ахвяры па-за Менскам.

«Я нагадаю, што былы міністр унутраных справаў Караеў нават выбачаўся на чацвёрты дзень пасля пачатку пратэстаў за тое, што ягоныя сілавікі дзейнічалі занадта жорстка, занадта непрывабна, непрыемна для грамадзянаў Беларусі», – кажа праваабаронца Алесь Буракоў.

Паводле праваабаронцаў за час пасля выбараў 2020 года прынамсі 24 смерці беларусаў могуць быць звязаныя з палітыкаю. Больш за тысячу чалавек пасля выбараў былі моцна збітыя, шмат хто пацярпеў маральна. Сёння за кратамі паводле розных праваабарончых арганізацыяў незаконна трымаюць ад 1502 да 1744 асобаў. Рэпрэсіі не спыняюцца, і як бы ні хацеў Лукашэнка – старонка не перагорнутая ні для Беларусі ні для заходніх краінаў. І сам ён гэта добра разумее.

«Ён спрабуе падкрэсліць, што тады, у 2020 годзе, адбыліся жахі, нам гэтага не трэба. Таму калі раптам штосьці такое адбудзецца – міліцыя будзе рэагаваць тым жа спосабам, бо мы бачым ворагаў, бачым, чаму мы павінны з імі змагацца, і больш мы такога дапускаць не будзем», – кажа палітычная аглядальніца Таццяна Ашуркевіч.

У большасці так званых палітычных крымінальных артыкулаў, паводле якіх цяпер абвінавачваюць беларусаў, тэрмін даўніны – 5-10 гадоў. Гэта значыць, калі рэжым зноў не зменіць заканадаўства, караць за выбары беларусаў змогуць прынамсі да 2025 года.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама