Свабодная Беларусь выступае за незалежнасць Украіны

Аб’яднаны пераходны кабінет прапанаваў краінам Захаду далучыцца да супрацы з беларускімі ваярамі. Валер Сахашчык падкрэсліў, што беларусы-дабраахвотнікі б’юцца на найцяжэйшых кірунках, маюць вялізны досвед і могуць дапамагчы саюзнікам у выпрабаваннях новых узбраенняў, тэхналогіяў і тактыкаў вядзення баявых дзеянняў. Пры гэтым узброены паход «каліноўцаў» на Менск можа і не спатрэбіцца. Заява прагучала на Варшаўскім форуме бяспекі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Упершыню ў шматгадовай гісторыі Варшаўскага форуму бяспекі тэма Беларусі атрымала асобнае паседжанне круглага стала. І тут, у польскай сталіцы, адчуваецца, што Беларусь стала амаль што болевай кропкай для палітыкаў і грамадскіх дзеячаў з усяго свету. Удзельнікі форуму з самых розных краінаў – ад Грузіі да Брытаніі і ЗША – прымусілі арганізатараў форуму скарэктаваць свае планы.

Чакалася, што даведацца пра сітуацыю ў Беларусі збярэцца чалавек дваццаць – сабралася пад сотню. Змянілі памяшканне, дадалі крэслаў – і ўсё роўна месца не ўсім хапіла. Выступ Святланы Ціханоўскай пра тое, што беларускаму народу і дэмакратычным сілам трэба супраца з саюзнікамі, а не гуманітарная дапамога, прысутныя віталі апладысментамі.

«Мяркую, гэта тыя мэсыджы, якія хочуць пачуць беларусы ўнутры краіны. А таксама тое, што павінныя чуць замежнікі. Месыджы: Беларусь – не Расея, Беларусь – частка не толькі праблемы, але і рашэння, што беларусаў трэба падтрымліваць, а Лукашэнку – ізаляваць. Тое, што паўтаралі сёння, яно было заўважана і пачута», – кажа старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Абʼяднаны пераходны кабінет ужо наладзіў вайскова-тэхнічную супрацу беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне з шэрагам еўрапейскіх дзяржаваў, паведаміў «Белсату» кіраўнік Дэпартаменту нацыянальнай бяспекі.

«Мы выпрабоўваем новыя тэхналогіі, новыя тэхнічныя сродкі, новыя спосабы вядзення баявых дзеянняў. І гэта вельмі цікава тым краінам, якія нам дапамагаюць», – паведаміў «Белсату» кіраўнік Дэпартаменту нацыянальнай бяспекі ў АПК Валерый Сахашчык.

Сёння гэта адзін з прыярытэтных кірункаў дзейнасці АПК: зрабіць так, каб свет ведаў пра беларусаў на ўкраінска-расейскім фронце. І каб свет дапамагаў нашым ваярам. А дэмакратычныя сілы тут выступаюць як пасярэднікі.

«Мы памятаем прыклад Нямеччыны, якая перадала мабільны шпіталь і некалькі пікапаў. Ёсць прыклады, але некаторыя краіны дзейнічаюць хутка, а хтосьці кладзе справу ў шуфлядку», – патлумачыла «Белсату» абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.

Падчас нядаўняга працоўнага візіту Святланы Ціханоўскай у Стакгольм шведскае міністэрства абароны прыняла ў працу спіс рэчаў, патрэбных беларускім добраахвотнікам.

«Гэта, перш за ўсё, зімовыя рэчы, гэта прылады для размінавання, трэнінгі па размінаванню, як гэта праводзілі з украінцамі», – распавядае Святлана Ціханоўская.

Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай на сайд-івэнце АБСЕ па Беларусі. Фота: tsikhanouskaya / Telegram

Пры гэтым Абʼяднаны пераходны кабінет не збіраецца стварыць вогненную Сірыю ў цэнтры Еўропы, падкрэсліў у выступе Валерый Сахашчык:

«Мы не рыхтуемся да нейкага агрэсіўнага паходу на Беларусь. Я не разглядаю такі сцэнар і лічу яго абсурдным. Я ўпэўнены, што ў нас атрымаецца прыйсці да грамадзянскага дыялогу. Але сілавыя падраздзяленні, сілавы кампанент нам неабходны для выканання шэрагу задачаў, пра якія я б цяпер не хацеў распавядаць».

Проста цяпер Масква спрабуе праглынуць Беларусь, зрабіць яе сваёй часткай, бо гэта адпавядае бачанню Уладзіміра Пуціна, падкрэсліў на Форуме Майкл Карпэнтэр. Амбасадар Злучаных Штатаў у АБСЕ нагадаў, што Пуцін у сваіх публікацыях кажа пра ўкраінцаў як пра «маларосаў», «малых рускіх», а пра беларусаў – як пра «белых рускіх». А Беларусь, як буферная зона, Крамлю патрэбная менш.

«Укараненне расейскіх прапагандыстаў у беларускія медыйныя арганізацыі, укараненне расейскіх войскаў і расейскіх вайсковых дарадцаў у беларускія вайсковыя структуры – гэта часткі аднога цэлага», – заявіў амбасадар ЗША ў АБСЕ Майкл Карпэнтэр.

Распаўзанне расейскай ядравай зброі, у тым ліку ў Беларусь, было адной з важнейшых тэмаў другога дню Форуму. Але малаверагодна, што Пуцін змог незаўважна перамясціць яе ў нашую краіну, патлумачыў «Белсату» былы камандуючы арміяй ЗША ў Еўропе.

«Я быў бы вельмі здзіўлены, калі б Расея была здольная перамясціць тактычную ядравую зброю і ўсе рэчы, якіх гэтая зброя патрабуе, кудысьці ў Беларусь. Не кажу, што гэтага не было, але я дакладна спадзяюся і чакаю ад выведных службаў ЗША, Вялікай Брытаніі, Польшчы і Украіны, што яны шукаюць інфармацыю канкрэтна пра ядравую зброю», – патлумачыў «Белсату» былы камандуючы арміяй ЗША ў Еўропе Бэн Годжэз.

Можна падсумаваць вынікі Варшаўскага форуму бяспекі для Лукашэнкі. А яны такія: саюзнікі Свабоднай Беларусі не плануюць ісці на саступкі, а супрацьстаянне пагрозам двух дыктатараў яшчэ нават не набрала абароты.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама