Ці будзе ядравая зброя ў Беларусі?

У Галоўным упраўленні выведкі Украіны заявілі, што Расея магла размясціць ядравую зброю ў акупаваным Крыме і на тэрыторыі Беларусі. Паводле прадстаўніка прэс-службы вайсковага ведамства Андрэя Юсава, расейцы могуць разглядаць і Крым, і нашую краіну як плацдарм для ядравых правакацыяў супраць Украіны.

«Я думаю, што гэта рэальна. Ніякіх праблемаў з гэтым у Расеі быць не можа. Паколькі Расея і так ігнаруе ўсе міжнародныя правілы і рэжымы. Таму з пункту гледжання як раз псіхалагічнага ціску на Украіну і Захад, такія заявы і такое размяшчэнне цалкам магчымае», – распавядае дырэктар «New Geopolitics Research Network» Міхайла Самусь.

Паводле Андрэя Юсава, Украіна ўважліва сочыць за ўсімі гэтымі працэсамі і любыя правакацыі з выкарыстаннем ядравай зброі не будуць нечаканасцю:

«Калі гаворка ідзе аб пагрозе ядравай зброі з боку Расеі, мы павінны разумець, што гэтая пагроза толькі наблізіць канец сучаснай Расеі. Так, ёсць інфармацыя, што акупаваны Крым і тэрыторыя Беларусі Пуціным разглядаюцца для правядзення такіх правакацыяў. Уся гэтая інфармацыя адсочваецца, выведныя звесткі ёсць, так што нечаканасцю гэта не будзе».

Гісторыя з размяшчэннем расейскай ядравай зброі на тэрыторыі Беларусі – гэта гісторыя не сённяшняга дня. Вайсковы эксперт Аляксандр Каваленка расказаў, з чаго ўсё пачыналася:

«Я нагадаю, што ў жніўні так званы прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка казаў, што на тэрыторыі Беларусі ўжо ідзе рыхтаванне да размяшчэння ядравай зброі і непасрэдна, што яна будзе размяшчацца на самалётах СУ. Якія менавіта СУ, ён не патлумачыў».

Вядома, што ў арсенале Расеі ёсць аператыўна-тактычныя комплексы «Іскандэр», якія могуць страляць ракетамі з ядравымі зарадамі, ёсць падводныя чоўны з «Калібрамі», якія таксама могуць несці ядравыя зарады. І ў Расеі ёсць стратэгічная авіяцыя ды міжкантынентальныя балістычныя ракеты. Чаму ж для сваіх пагрозаў Расея абірае тэрыторыю акупаванага Крыму і Беларусі?

«Сапраўды, логікі, як і нейкага рацыяналізму, у гэтым няшмат. Асабліва, зноў жа нагадаю, ідзе гаворка, калі ўзяць рэсурс Беларусі, пра магчымасці выкарыстоўваць ядравую зброю, дык гэта СУ-25. Старыя штурмавікі, якія здольныя толькі папалохаць – і не больш. Калі мы гаворым пра нейкую логіку з боку расейцаў, то яны бачаць у гэтым пашырэнне свайго ўплыву, ядравага ўплыву, на іншыя тэрыторыі. Гэта значыць, Беларусь для іх становіцца такой пляцоўкай, на якой размешчаная ядравая зброя. І нікога ўжо не хвалюе, што ў Расеі ёсць міжкантынентальныя балістычныя ракеты, якія могуць пераадольваць тысячы кіламетраў», – кажа Аляксандр Каваленка.

Але ёсць і іншая версія…

«У прынцыпе, гэта можа быць выгадна Лукашэнку дзеля ўзмацнення свайго становішча палітычнага. Ён можа нават гандляваць. Гэта значыць, замест таго каб, напрыклад, дапусціць уцягванне беларускай арміі ў непасрэдны канфлікт супраць украінскай арміі, ён можа выбраць гэты аргумент: што давай я лепш размяшчу ядравую зброю – гэта ж вельмі крута – і будзем ціснуць на нашых супернікаў», – Міхайла Самусь.

У ліпені 1993 года Беларусь афіцыйна далучылася да Дамовы аб нераспаўсюдзе ядравай зброі. Нашая краіна сталася першаю дзяржаваю, якая добраахвотна адмовілася ад магчымасці валодаць такой зброяй пасля распаду СССР. Летась жа Лукашэнка загадаў прыбраць з Канстытуцыі памкненне Беларусі да нейтралітэту і бяз’ядравай зоны.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама