Як змовіліся! Краіны Еўразвязу адна за адною пагражаюць санкцыямі экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі з Беларусі і Расеі. Пад забарону могуць трапіць усе асноўныя тавары, у тым ліку бульба і зерне.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
Салома, канюшына і зерневая лузга, падаецца, хутка будуць асноўнымі складнікамі беларускага сельскагаспадарчага экспарту ў краіны Еўразвязу.
Напярэдадні прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск звярнуся да Сейму з прапановаю рэзалюцыі да Еўрапейскай камісіі аб увядзенні санкцыяў у дачыненні Расеі і Беларусі.
«Перакананы, што агульнае еўрапейскае рашэнне будзе непараўнальна больш эфектыўнае, чым асобныя рашэнні краінаў рэгіёну. Я іх разумею, але я хацеў бы прыняць рашэнне аб санкцыях да Расеі і Беларусі ў дачыненні харчоў і сельскай гаспадаркі для ўсяго Еўразвязу», – зазначыў прэмʼер-міністр Польшчы Дональд Туск.
Аднак пакуль да такога рашэння схіляюцца акурат асобныя краіны. Гэтак, Латвія найбліжэйшым часам плануе забараніць увоз і транзіт праз свае парты сельгаспрадукцыі ды кармоў беларускага і расейскага паходжання.
Ужо праз месяц на тэрыторыю балтыйскай краіны нельга будзе завезці гародніны: бульбу, цыбулю, буракі ды іншае. Гэта ж датычыць і садавіны, калі краінаю паходжання ўказаныя Беларусь ці Расея.
Літоўскія дэпутаты на заканадаўчым узроўні разглядаюць абмежаванні для экспарту зерня. Дакумент ужо прайшоў першае чытанне і неўзабаве можа быць падпісаны.
«Самыя вялікія абʼёмы беларускага і расейскага збожжа ідуць праз латвійскія парты. Як яны будуць кампенсаваць гэтыя страты? Вельмі шмат збожжа і Латвія, і Літва сама вырабляе і можа экспартаваць», – зазначае сябра камітэту эканомікі Сейму Літвы, старшыня Літоўскай партыі рэгіёнаў Ёнас Пінскус.
Страта еўрапейскага рынку моцна адбіваецца на прыбытках беларускага бюджэту. Паводле Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC», з 2021 года назіраўся рост сельскагаспадарчага экспарту. Улады зарабілі на гэтым $ 6,7 млрд. У 2022 годзе – $ 8,3 млрд. Але ў 2023-ім адбылося рэзкае падзенне – да $ 5,9 млрд.
«Зразумелая справа, што будуць імкнуцца дыверсіфікаваць у бок і ўсходняга кірунку, і больш далёкіх краін, але трэба разумець, што мы гаворым пра харчаванне, якое часта хутка псуецца. І таму пашыраць лінейку не заўсёды атрымліваецца. Таму што гэта фізічна немагчыма ці вельмі затратна», – зазначае старэйшая навуковая працаўніца «BEROC» Анастасія Лузгіна.
Пагатоў на тым жа расейскім рынку давядзецца канкураваць з турэцкімі ды іншымі ўсходнімі экспарцёрамі. Дый сельскагаспадарчыя вытворцы ў Расеі вырабляюць з кожным годам усё больш прадукцыі.
Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»