Не толькі сілавікі і чыноўнікі. Працаўнікоў бюджэтнай сферы спраўджваюць на прадмет сувязяў з замежжам, паведамляе са спасылкай на чытача выданне «Reform.news».
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
«Начальства збірае інфармацыю аб працаўніках нашай арганізацыі, якія вучыліся альбо вучацца за мяжою», – паведамляе выданне.
Апроч таго, паводле выдання, у работнікаў распытваюць пра родзічаў, якія працуюць альбо вучацца за мяжой. І гаворка нават пра стрыечных братоў і сясцёр.
«Гэта класічная сітуацыя, калі дзяржава спрабуе трымаць усіх людзей пад кантролем, а паколькі на бюджэтнікаў найлягчэй націснуць, гэта група, якая найбольш бяспраўная, ну то да гэтай групы фактычна і прыходзяць», – каментуе адвакат Алесь Міхалевіч.
У траўні выданне «Наша ніва» са спасылкаю на сваіх чытачоў паведамляла, што працаўнікам дзяржаўных прадпрыемстваў пагражаюць звальненнем за паездкі ў гэтак званыя несяброўскія краіны.
Віталь Цыганкоў, палітычны аглядальнік і вядоўца праграмы «Двубой» на «Белсаце», зазначае:
«Магчыма, гэта ініцыятыва толькі нейкіх мясцовых кадэбэшнікаў, сілавікоў, якія такім чынам хочуць праявіць сваю актыўнасць, і думаюць, што гэта неяк ім улічыцца, дадатковая такая актыўнасць будзе ўхвалена начальствам. З іншага боку, нельга выключаць, што хутка гэта стане нормай ва ўсёй краіне».
Пакуль жорсткі кантроль за выездамі за мяжу стаўся афіцыйнаю нормаю сярод чыноўнікаў. Летась урад сваёй пастановаю забавязаў іх за 10 дзён да паездкі інфармаваць пра мэту выезду і ўпісваць адрасы прабывання. Пастанова выклікала незадаволенасць сярод мясцовага чынавенства, кажа Арцём Брухан, былы чыноўнік Берасцейскага аблвыканкаму, аналітык Народнага антыкрызіснага ўпраўлення:
«Чыноўнікі, калі раней яны дастаткова часта ездзілі нават па абмене досведам у тую ж Польшчу і Літву, былі трансгранічныя праекты, культурніцкія праекты, зараз гэтага ўсяго няма. Фінансавання еўрапейскага для развіцця чыноўнікаў няма. Яны нават не спрабуюць ездзіць па гэтых праграмах».
Большы кантроль над кантактамі беларусаў з замежжам – прыкмета пабудовы таталітарызму, мяркуе юрыст Алесь Міхалевіч:
«Дзяржава, якая спрабуе стаць таталітарнай, яна спрабуе кантраляваць сваякоў за мяжой, яна спрабуе ствараць спісы тых, хто найбольш небяспечны. Ну, і, безумоўна, тыя, у каго ёсць сваякі за мяжой, хто выязджае, хто бачыць альтэрнатыву – гэта заўсёды былі людзі небяспечныя».
Адметна, што на мінулым тыдні намесніца міністра эканомікі Таццяна Бранцэвіч канстатавала дэфіцыт працаўнікоў і заявіла, што трэба імкнуцца затрымаць адток кадраў з Беларусі, а таксама вяртаць эмігрантаў. Пакуль жа рэжым толькі працягвае рэпрэсіі і ўзмацняе кантроль над беларусамі ў краіне.
Вітаўт Сіўчык, «Белсат»