Мінула 170 гадоў з дня народзінаў Юдаля Пэна

Выразныя габрэйскія твары, местачковыя вуліцы, партрэты калег-мастакоў. Сёння 170 гадоў з дня народзінаў аўтара гэтых працаў – Юдаля Пэна.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Пэн – адзін з найлепшых стваральнікаў візуальнага вобразу свету, які, на вялікі жаль, цалкам знік. Фактычна ён задакументаваў тую рэчаіснасць, якая была знішчана далейшымі сацыяльнымі трансфармацыямі і Галакостам», – кажа акадэмічны дырэктар Беларускага інстытуту публічнай гісторыі Аляксей Ластоўскі.

Юдаль Пэн паходзіў з беднай габрэйскай сям’і і рана страціў бацькоў. Каб стацца мастаком, мусіў пераадолець супраціў рэлігіі: юдаізм забараняе адлюстроўваць людзей. І супраціў Расейскай імперыі: габрэі не маглі пакідаць межаў аселасці, а Пэн паехаў вучыцца ў Пецярбург. Трапіўшы пасля навучання ў Віцебск, стварыў мастацкую школу, дзе навучаліся сярод іншых Заір Азгур, Восіп Цадкін, Марк Шагал.

«Мне здаецца, што адно з самых галоўных, што Шагал атрымаў ад Пэна, галоўны падарунак – гэта разуменне, што выяўленчае мастацтва немагчыма без пошуку асабістага шляху, што немагчыма без свабоды і што Шагал мае быццам бы права ад пачатку рабіць што хоча», – мяркуе экскурсавод, аўтар YouTube-каналу «Около культуры» Мікіта Моніч.

Пасля рэвалюцыі Юдаля Пэна прынялі новыя ўлады, бо ягоная творчасць упісалася ў парадыгму сацыялістычнага мастацтва.

«Тэматыка жыцця беднага габрэйскага насельніцтва адпавядала таму, што было запатрабавана ў БССР. Яго творы прымаліся на выставы беларускага савецкага мастацтва, у тым ліку ў Маскве», – кажа Аляксей Ластоўскі.

Юдаль Пэн. Аўтапартрэт. 1922 год. Крыніца: wikipedia.org

Але хоць афіцыйна ўсё нібыта складвалася добра, у мастака было шмат прычынаў быць незадаволеным, адзначае культуролаг Васіль ДранькоМайсюк:

«Напрыклад, калі яго карціны вярталіся з Масквы, з выставы маскоўскай, то яны былі пашкоджаныя. У яго была невялікая майстэрня, ён заўсёды прасіў, каб былі лепшыя ўмовы для яго, але да яго не прыслухоўваліся».

І гэтыя непаразуменні, адчуванне недаацэненасці ўладамі, паводле адной з версіяў, маглі стацца прычынаю смерці Пэна ў 1937-ым пры нявысветленых абставінах: нібыта супрацоўнікі НКУС забілі мастака, каб той не зʼехаў у Францыю па запрашэнні Марка Шагала. Афіцыйна прызналі, што вінаватыя сваякі Пэна, Файнштэйны, якім ён адмовіўся пакінуць у спадчыну свае творы. Але ёсць і трэцяя версія.

«Мог забіць адзін са следчых, адзін з кіраўнікоў НКУС у Віцебску Іван Гарбаленя, таму што лічылася, што Пэн маляваў шмат прыгажунь і маляваў іх аголенымі. Ён быў адным з лепшых спецыялістаў у стылі ню. І нібыта жонка Гарбалені таксама яму пазіравала. І тут быў момант рэўнасці і што, магчыма, ён спрычыніўся да гэтага, але падставіў Файнштэйнаў», – кажа Васіль Дранько-Майсюк.

Юдаль Пэн стварыў каля паўтары тысячы карцінаў. Свае працы ён ахвяраваў Віцебску. Пасля смерці мастака каля васьмісот з іх выстаўляліся ў адмыслова створанай галерэі. Падчас Другой сусветнай вайны карціны вывезлі ў расейскі Саратаў. Пасля перамогі з эвакуацыі на радзіму мастака вярнулася толькі чвэрць вывезеных твораў.

«Узгадаем словы Пэна, калі ён быццам бы адмаўляўся прадаваць свае творы, ён казаў, што яны належаць вечнасці, належаць таму, што будзе пасля мяне. І мы ў гэтым “пасля яго” жывем. Лепшае, што можам зрабіць, – спажываць ягонае мастацтва», – кажа Мікіта Моніч.

Сёння спадчына мастака захоўваецца ў Віцебскім мастацкім музеі і Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама