Вайскоўцы атрымаюць дадатковае фінансаванне

Вайскоўцы – з грашыма. Ім знайшлі дадатковыя сродкі на выплаты заробкаў. Прэм’ер Раман Галоўчанка падпісаў пастанову Савету Міністраў, згодна з якой, абароннае ведамства атрымае да канца гэтага года дадатковае фінансаванне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Прызвалі значна больш рэзервістаў, чым планавалася паводле Міністэрства абароны. Да таго ж асенні прызыў у войска стаўся рэкордным за апошнія гады, – разважае журналіст «Белсату» Зміцер Міцкевіч. – Вельмі верагодна, што гэта проста перавысіла траты, закладзеныя ў бюджэт першапачаткова. Нічога надзвычайнага ў гэтым няма, нельга сказаць, што за гэтым стаяць сурʼёзныя мерапрыемствы або нейкія вучэнні ці штосьці падобнае».

Пакрыць траты на армію да канца года плануюць з дапамогаю ўразання заробкаў у іншых бюджэтных сферах. Выдаткі на медыцыну скароцяцца амаль на 8 мільёнаў рублёў, на вышэйшую і паслядыпломную адукацыю – амаль на тры мільёны, на фізкультуру і спорт – на 120 тысячаў. Недафінансуюць у гэтым годзе таксама заробкаў у сферы культуры і дзяржаўны санітарны нагляд. У выніку агульная сума дадаткова вылучаных на армію грошай складзе амаль 11 мільёнаў рублёў.

«Прасцей падпісаць адну паперу і перакінуць грошы з адной кішэні ў другую. Гэта проста працэдура, якая спрашчае жыццё самой сістэме: падлічылі, колькі прыблізна даданых грошай спатрэбіцца, узялі з таго, што ад нейкага прафіцыту ў іншых сферах засталося, ну і вось, стварылі сабе падушку бяспекі», – мяркуе Зміцер Міцкевіч.

Беларускае войска. Скрыншот “Белсат”

Спецыяліст у нацыянальнай бяспецы Аляксандр Казак называе іншую прычыну, чаму грошы вайскоўцам пайшлі ад бюджэтных арганізацыяў, а не, напрыклад, з рэзервовага фонду Лукашэнкі:

«Нашмат прасцей для яго з эгаістычнага пункту погляду – парэзаць бюджэт на адукацыю, культуру ды іншае. Навошта траціць сваё, калі можна забраць у іншых?»

Днямі Палата прадстаўнікоў прыняла бюджэт Беларусі на наступны год. Выдаткі на міліцыянтаў, суддзяў і вайскоўцаў павялічацца. Пры гэтым бюджэт будзе дэфіцытны. Дзіра складзе блізу пяці мільярдаў рублёў.

«Не трэба забываць, што вельмі хутка зноў пачнецца тэатр пад назваю “Выбары” – камедыя ў адным, а не ў двух актах, як раней. Напэўна, яны рыхтуюцца да ўнутранага найгоршага сцэнара. Чакаюць, што адбудуцца нейкія пратэсты, сабатажы і гэтак далей», – разважае Аляксандр Казак.

Адначасова з гэтым у наступным годзе амаль да аднаго мільярда рублёў павялічыцца гэтак званы рэзервовы фонд Лукашэнкі.

Ян Федаровіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама