Як судзіць ваенных злачынцаў?

«Крымінальная адказнасць за агрэсію супраць Украіны. Як вяршыць правасуддзе?» Пытанне, як устанавіць, што яшчэ міжнародная супольнасць можа зрабіць для прыцягнення да адказнасці дыктатараў, праз якіх ідзе вайна ва Украіне і адбываюцца маштабныя ваенныя злачынствы, абмяркоўвалі сёння на аднайменнай канферэнцыі ў Вільні.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паводле міністаркі юстыцыі Літвы Эвэліны Дабравольскай:

«Нам трэба зразумець, што сёння Пуцін і Лукашэнка дзеюць, як быццам міжнароднага права не існуе, а правы чалавека і дэмакратычны свет можна не прымаць у разлік. Таму так важна, што частка Еўрапейскага Звязу і частка ўсяго свету кажа, што гэтыя вар’яты не могуць рабіць таго, што ім прыйдзе ў галаву. Адказнасць за здзейсненыя злачынствы будзе і для іх».

Прапрацоўвалася прававая аснова адмысловага трыбуналу, яго магчымая юрысдыкцыя, склад, функцыянаванне і працэдуры. Фактычна мэта – стварыць нешта кшталту Нюрнбэру нумар 2. Былы старшыня канстытуцыйнага суду Літвы Дайнюс Жалімас кажа:

«Гэтая ідэалогія рашызму заснаваная на нянавісці да цэлых народаў, да ўсяго, што супярэчыць назве «русский мир», і на поўным адмаўленні права на жыццё ды права на свабоду».

А паводле намесніка пракурора суда па Косаве Алекса Уайлдынга доказы павінны быць прэзентаваныя, проста фатаграфіяў недастаткова. Таму першы крок – збор доказаў, другі – устанаўленне адказных. І ўжо потым – высвятленне ўсяго ланцужка: як іх накіроўвалі, як планавалі, якая была ў іх устаноўка.

А што да вытокаў таго, што адбываецца ва Украіне? Польская журналістка і пісьменніца Крыстына Курчаб-Рэдліх, якая ў якасці журналіста была на Другой чачэнскай вайне, з уласнага досведу распавяла, што цяперашнія злачынствы расейцаў ва ўкраінскіх Ірпіні і Бучы – фактычна калька з таго, што расейцы рабілі падчас вайны ў Чачэніі. І на што Захад дзеля эканамічных выгадаў тады фактычна заплюшчваў вочы. Крыстына бачыла тады, напрыклад, як расейцы разрываюць чалавека танкамі, як страляюць па людзях, якія ідуць па ваду.

Паднала тэму ваенных злачынстваў ды персанальнай адказнасці за іх і лідарка свабоднай Беларусі Святлана Ціханоўская. Гэта адбылося ў Нарвегіі падчас сустрэчы з міністаркаю замежных справаў гэтай краіны Анікен Гуйтфэльт:

«Лукашэнка спрабуе ператварыцца з падпальшчыка ў пажарніка, але ён памагаты Пуціна і павінен несці поўную адказнасць за ваенныя злачынствы ва Украіне. Два дні таму ён пачаў новыя вайсковыя вучэнні, накіраваныя на аказанне ціску на Украіну, Польшчу і Літву. Пакуль Лукашэнка ў Менску, Украіна і Еўропа не могуць быць у бяспецы».

Паводле Святланы Ціханоўскай, сам факт таго, што беларуская армія не ўвайшла ва Украіну, ёсць дасягненнем беларускага народу. Беларускія ж рэйкавыя партызаны коштам сваёй свабоды і здароўя зрабілі ўсё, каб у расейскіх акупантаў было як найменей магчымасцяў здзяйсняць злачынствы на тэрыторыі Украіны.

Уладзімір Старыковіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама