Раство Хрыстова падчас вайны

Упершыню – не пад эгідай Маскоўскага патрыярхату. У Кіева-Пячэрскай лаўры адбылося каляднае набажэнства, якое сабрала сотні ўкраінскіх праваслаўных вернікаў. Між тым, дыктатары Лукашэнка і Пуцін выкарыстоўваюць свята як нагоду для піяру. Толькі ці спрацуе гэткая тактыка? Распавядаем, як на фоне вайны Раство адзначаюць Украіна, Беларусь і Расея.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Шмат паліцыі, праверка дакументаў і пропуск праз металашукальнікі. Так у галоўным храме Кіева – Успенскім саборы – праходзіла калядная літургія.

«Яшчэ два тыдні таму ніхто не мог уявіць, што мы будзем святкаваць Раство Хрыстова ў вялікай святыні ўкраінскага народу», – кажа святар Праваслаўнай царквы Украіны.

Больш сур’ёзныя захады бяспекі зрабіліся неабходнымі з-за пагрозы тэрарыстычнага акту, пра якую ўчора заявіла віцэ-прэмʼерка Украіны Ірына Вэрэшчук. Аднак на агульную атмасферу свята і настрой праваслаўных вернікаў гэта ніяк не паўплывала, кажа народны дэпутат Украіны Аляксей Ганчарэнка, які асабіста прысутнічаў на набажэнстве.

«Атмасфера была вельмі ўрачыстая. Вельмі шмат людзей, шмат моладзі. Упершыню за 300 гадоў Украінская царква вяртаецца ва ўкраінскае асяроддзе, украінскую Кіева-Пячэрскую лаўру. У Кіева-Пячэрскай лаўры гучыць украінская мова», – распавядае народны дэпутат Украіны Аляксей Ганчарэнка.

Калядная літургія ў Лаўры – гістарычная падзея. Бо гэта – першае набажэнства, праведзенае Праваслаўнай царквой Украіны ў саборы, які доўгі час быў у падпарадкаванні УПЦ Маскоўскага патрыярхату.

«Больш за ўсё да гэтага прыклаўся Уладзімір Пуцін. Думаю, гэты чалавек найбольшую ролю адыграў у тым, што ўсім стала зразумела: немагчыма гуляць ні ў якія гульні з Расейскай імперыяй. У канчатковым выніку не толькі ў Кіева-Пячэрскай лаўры, але і ў Святагорскай і Пачаеўскай лаўры – гэта яшчэ дзве лаўры, якія размяшчаюцца на тэрыторыі Украіны, – усюды будзе Праваслаўная царква Украіны. У канчатковым выніку ўсё скончыцца менавіта гэтым», – мяркуе народны дэпутат Украіны Аляксей Ганчарэнка.

Падчас каляднай імшы мітрапаліт Епіфаній адзначыў, што Украіна ўжо дамаглася маральнай перамогі. Ну, а перамога на фронце – пытанне часу.

А ў Беларусі разыгралі сцэну з прыпавесці пра марнатраўнага сына. З нагоды Калядаў Аляксандр Лукашэнка прапанаваў «па-праваслаўнаму» зрабіць крок насустрач беларусам, якія зʼехалі за мяжу і заклікаў іх вяртацца. Аб гэтым ён заявіў падчас наведвання сумнавядомага сваім падтрыманнем расейскай агрэсіі супраць Украіны Свята-Елісавецкага манастыра.

«Я ўпэўнены, што сярод тых уцекачоў і тых, хто жыве сёння ў нас, – глыбока пакаянныя людзі, якія зразумелі, што памыліліся. Яны не павінны быць выкінутыя на ўзбочыну», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, Лукашэнка пахваліў Свята-Елісавецкі манастыр за збор сродкаў для расейскіх акупантаў ва Украіне. На меркаванне дыктатара, «неабходна працягваць руку дапамогі ўсім, хто ў ёй мае патрэбу». Як прыклад сваёй міласэрнасці Лукашэнка згадаў падтрыманне ім расейцаў, а таксама дзесяць тысячаў украінцаў, якія, паводле дыктатара, нібыта беглі ад вайны і знайшлі прытулак у Беларусі.

А ў Расеі кіраўнік мясцовай праваслаўнай царквы Патрыярх Кірыл, які адкрыта падтрымлівае вайну Крамля супраць Украіны, заявіў, што Расея вядзе барацьбу за будучыню ўсяго чалавецтва. Сам жа крамлёўскі гаспадар на набажэнства да патрыярха не пайшоў. Медыі апублікавалі фота і відэа, на якіх Пуцін – у поўнай адзіноце перад алтаром Дабравешчанскага сабору Крамля. Апроч яго на набажэнстве прысутнічалі толькі святар і аператар.

Наста Печанькова, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама