Як прапаганда паразітуе на ахвярах вайны

Генпракурор Андрэй Швед заявіў, што страты краіны ад Другой сусветнай склалі трыльёны долараў. Справу пра генацыд беларускага народу ў часе нямецкай акупацыі пракуратура вядзе з 2021-га года. І нават выдала пра гэта кнігу. Сучасных апазіцыянераў у ёй выстаўляюць здраднікамі і паслядоўнікамі калабарантаў. Не адстаюць і лукашэнкаўскія ідэолагі: у новай афіцыйнай метадычцы для прапагандыстаў Захад называюць паўфашысцкім. Яму нібыта супрацьстаіць мірная Беларусь з яе моцнай арміяй і мудрым кіраўніком – Лукашэнкам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

2 трыльёны 300 мільярдаў долараў – на такую суму Генеральная пракуратура Беларусі ацаніла страты, нанесеныя краіне Другой сусветнай вайной. Ведамства расследуе генацыд беларускага народу ў часе акупацыі. Злачынствы нацыстаў нібыта даўно задакументаваныя, але пазалетась лукашэнкаўскі рэжым раптам занепакоіўся гэтым пытаннем, і Генпракуратура распачала справу.

«Яны заняліся гэтым пасля 2020 года з палітычнымі мэтамі. Што, па шчырасці, выглядае вельмі брыдка. Бо вялікая ахвяра беларусаў у той вайне выкарыстоўваецца для закрыцця палітычных праблемаў», – кажа гісторык Цімафей Акудовіч.

У кнізе па выніках расследавання побач з гістарычнымі фота, напрыклад, раптам з‘яўляюцца абліччы сучаснай апазіцыі. Улады карыстаюцца дзеля дыскрэдытацыі апанентаў гісторыяй Другой сусветнай, бо для беларусаў гэта ўсё яшчэ балючая тэма, мяркуе медыяэксперт Надзея Белахвосцік.

«Калі вы сутыкаецеся з прапагандаю, вам не трэба думаць. Вам не трэба аналізаваць. Вам трэба толькі паверыць. А калі ўздзейнічаюць на вашыя эмоцыі, вам прыняць гэтую інфармацыю лягчэй і прасцей», – кажа Надзея Белахвосцік.

Гісторыю вайны ў пракурорскай інтэрпрэтацыі выкарыстаюць у навучальных праграмах школаў і ўніверсітэтаў, а таксама ў ідэалагічнай працы, заяўляе Андрэй Швед.

«Тое, пра што шмат разоў казаў кіраўнік дзяржавы: разуменне сутнасці фашызму і нацызму – гэта стрыжань, на якім павінная трымацца нашая ідэалогія», – сказаў Швед у інтэрв’ю дзяржаўнаму тэлебачанню.

Ва ўнісон з Генпракуратурай выступаюць лукашэнкаўскія ідэолагі, якія афіцыйна апублікавалі метадычку для прапагандыстаў аб тым, што казаць насельніцтву пра палітычную сітуацыю.

Захад і Украіна – фашысты, беларуская апазіцыя – іх хаўруснікі. Так прапаганда нацягвае на сучасную рэальнасць гістарычныя вобразы Другой сусветнай. Паводле ўжо цытаванай намі метадычкі, Беларусі пагражае блок NATO, полк Каліноўскага, кантрабанда зброі з Украіны і заходняя антыбеларуская прапаганда. Але ворагам рэжыму не адолець, бо ўлады распрацоўваюць контрзахады. І ўвогуле яны хочуць міру – прапісана ў метадычцы.

«Гэта ўсё рыторыка беларускай савецкай прапаганды 50-х, 60-х, 70-х і нават 80-х гадоў. Нічога новага яны асабліва не прыдумалі. Там з крэатыўнасцю вялікія праблемы», – кажа Аляксандр Фрыдман, гісторык і палітолаг.

Прыцягненне паралеляў з Другой сусветнай у антызаходняй прапагандзе – таксама не вынаходніцтва Лукашэнкі. Яшчэ раней гэта пачаў рабіць Пуцін, адзначае Аляксандр Фрыдман. На думку палітолага, старэйшыя пакаленні яшчэ могуць такому паверыць. Але на моладзь, для якой эпоха Другой сусветнай ужо далёкая мінуўшчына, такая прапаганда наўрад ці паўплывае.

Валянцін Васіленка, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама