Беларусь стала небяспечнай для латвійцаў

Пра шматвектарнасць і добрасуседства можна забыць, прынамсі, пакуль не змянілася ўлада. Нашыя суседзі разглядаюць Беларусь як варожую і небяспечную краіну. Служба дзяржаўнай бяспекі Латвіі заклікала сваіх грамадзянаў на Вялікдзень не ехаць у Беларусь і Расею, гэта можа скончыцца турмой ці спробай вербавання спецслужбамі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Латвійцам не варта ехаць у Беларусь і Расею ў блізкія Вялікодныя святы, бо там вельмі высокая рызыка правакацыяў з мэтай шпіянажу – такі зварот апублікавала Служба дзяржаўнай бяспекі нашых паўночных суседзяў. І правакацыі могуць пачацца адразу на памежных пропуску, дзе аператыўнікі КДБ, ФСБ і ГРУ могуць выдаваць сябе за памежнікаў ці міліцыянтаў.

«Спецслужбы Расеі і Беларусі могуць выкарыстоўваць пагрозы, шантаж і іншыя незаконныя метады на тэрыторыі сваіх краінаў, каб спрабаваць прымусіць грамадзянаў Латвіі да супрацы. Таксама падчас паездкі ў Расею і Беларусь не рэкамендуецца браць з сабою мабільны тэлефон, асабліва з важнай інфармацыяй. На пункце памежнага кантролю з яго могуць атрымаць звесткі, таксама тэлефон могуць заразіць шпіёнскімі праграмамі», – папярэджвае Служба дзяржаўнай бяспекі Латвіі.

Калі ўсё ж нельга не ехаць, Служба бяспекі раіць латвійцам карыстацца тэлефонам з аднаразовай сім-картай, і потым яе выкінуць. А таксама не браць з сабой ноўтбукі і іншую электроніку.

Мэтай правакацыяў і вербавання з боку спецслужбаў Пуціна і Лукашэнкі можа быць перадусім вайсковы шпіянаж.

«Прысутнасць NATO у нашых краінах расце і будзе расці. Пра гэта будзе размова і на саміце NATO, які будзе ў Вільні ў чэрвені. І зразумела, што краіна-агрэсар шмат у чым зацікаўленая ў шпіянажы, каб разумець, што адбываецца, і знайсці тут слабыя месцы», – тлумачыць палітолаг Іварс Іябс, дэпутат Еўрапарламенту ад Латвіі.

Напярэдадні латвійскае Міністэрства замежных справаў пацвердзіла затрыманне свайго грамадзяніна ў Беларусі, якога КДБ падазрае ў шпіянажы. Затрыманнем грамадзян Польшчы і краінаў Балтыі, падазраваных у шпіянажы, на гэтым тыдні хваліўся старшыня КДБ Іван Церцель падчас сустрэчы з дырэктарам расейскай СВР – Службай знешняй выведкі.

«Мы з вялікім жалем назіраем, як Беларусь паступова губляе сваю незалежнасць. І гэта сапраўды страшна, асабліва для тых дэмакратычна і праеўрапейскі настроеных людзей, якія яшчэ жывуць, пратэстуюць і знаходзяцца ў турмах у Беларусі. Вельмі сумна гэта назіраць, асабліва калі Пуцін уцягвае Беларусь у свой ядравы шантаж», – кажа Іварс Іябс.

Размяшчэнне тактычнай ядравай зброі ў Беларусі не змяняе вайсковай сітуацыі ў цэлым, але гэта палітычны сігнал ад Масквы: Расея не хоча міру, а хоча працягваць агрэсію. Такі каментар пра Беларусь даў «Нямецкай хвалі» прэзідэнт Латвіі Эгілс Лэвітс.

«У нас няма ядравай зброі, і ў большасці краінаў Еўропы няма ядравай зброі. Гэта ЗША (маюць). І прэзідэнт Джо Байдэн ужо сказаў, што ўжыванне ядравай зброі ва Украіне будзе катастрофай для Расеі», – заявіў Эгілс Лэвітс.

Яшчэ адна гібрыдная зброя дыктатарскіх рэжымаў – масавая нелегальная міграцыя. Беларускія памежнікі спрабавалі ўзброіць мігрантаў, каб яны атакавалі латвійскіх памежнікаў. Пра гэта раней паведаміў начальнік Дзяржаўнай памежнай службы Латвіі Гунтыс Пуятс. Арганізаваны транзіт мігрантаў з удзелам беларускіх памежнікаў прымушае рэагаваць не толькі суседзяў, а ўвесь Еўразвяз.

«Сёння мігрантаў усё больш выкарыстоўваюць як інструмент замежнае палітыкі. Некаторыя краіны, такія, як Беларусь, выкарыстоўваюць іх для ціску на іншыя краіны, бо ў Беларусі ведаюць: чым больш будзе мігрантаў – тым больш праблемаў у палітыкаў у гэтых краінах», – падкрэсліў міністр іміграцыі і інтэграцыі Даніі Корэ Дубвад.

Урад Даніі заклікаў Еўракамісію як хутчэй прадставіць агульную стратэгію ў справе міграцыі, бо колькасць нелегальных пераходаў агульнай мяжы расце.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама