ГУБАЗіК патлумачыў, чаму не спыніць рэпрэсіяў

У СІЗА нумар 3 ў Гомлі не прынялі перадачы для Паліны Шарэнды-Панасюк. У суботу родным палітзняволенай заявілі, што яе яшчэ не прывезлі з калоніі. Апошні ліст да сям’і трапіў яшчэ ўвесну – у ім спадарыня Паліна развітвалася са сваймі дзецьмі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Паліна моцна схуднела, вельмі кепска выглядае. Зразумела, што ў Паліны проста няма гэтага года, каб заставацца яшчэ больш у турме», – гаворыць муж спадарыні Паліны Андрэй Шарэнда.

Паліна Шарэнда-Панасюк ужо мусіла быць на волі. Але рэжым ізноў узяўся судзіць яе за нібыта непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі. Рэпрэсіі супраць беларусаў увесь час працягваюцца і дасягаюць рэкордных паказнікаў.

«Не будзе перабольшваннем сказаць, што самая краіна Беларусь цяпер стала палітвязынкай. 60 тысяч чалавек прайшлі засценкі рэжыму, пачынаючы з 2020 года», – заявіла 05.08.2023 абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.

На выходных прапагандыст Рыгор Азаронак выдаў чарговы відэаматэрыял, у якім прыніжаў грамадзянаў, у тым ліку жанчын, затрыманых з палітычных прычынаў.

Адметна, што адная затрыманая дэманстрацыйна адмовілася гаварыць з прапагандыстам. Паводле «Вясны», гэта – Наталля Крук.

У матэрыяле ж прагучала тлумачэнне намесніка начальніка ГУБАЗіКу Міхаіла Бедункевіча, чаму ён не хоча заканчваць рэпрэсіяў:

«Час ад часу праскоквае на розных рэсурсах, розных СМІ, што, можа, мы ўжо перамаглі, можа, пара адстаць. Тут усё яскрава і зразумела: тыя, хто адумаўся, тыя мусяць прыйсці, інакш яны будуць працаваць супраць нас. Узмацняцца тыя ж скрытыя ячэйкі, будзе ісці праца ў падрыве дзяржавы знутры».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Зачыстка Нямігі ў Менску, Беларусь. 10 жніўня 2020 года. Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Паводле гісторыка і палітолага Аляксандра Фрыдмана, Бедункевіч усведамляе, што змагаецца з незадаволенымі беларусамі:

«Ён фактычна пацвярджае, што 2020 год нейкім чынам звонку занесены не быў, што гэта тыя працэсы, якія саспелі ў беларускім грамадстве. То бок, калі ўсё вынішчылі, то чаму гэта можа паўтарыцца?»

Разам з тым, выказванне Бедункевіча сведчыць: нават у лагеры лукашэнкаўцаў ёсць людзі, якія жадаюць змяншэння рэпрэсіяў, кажа палітычны аглядальнік і вядоўца праграмы «Двубой» Віталь Цыганкоў:

«Мы ведаем і бітвы, якія адбываюцца вакол кіберказачкі Бондаравай, якая надакучвае сваёй актыўнасцю і перашкаджае афіцыйнай уладзе. Часам прадстаўнікі афіцыйных структураў, афіцыйнай улады лічаць гэтае стукацтва і рэпрэсіі пераборам, які шкодзіць стабільнасці рэжыму».

У матэрыяле Азаронка відаць: у сядзібе ГУБАЗіКу вісіць расейскі сцяг, магніцік з Крымам і Сталіным, які рэпрэсаваў сотні тысяч беларусаў. Адметна, што савецкі дыктатар расстрэльваў і сваіх адданых карнікаў, што мусіла б насцярожыць ГУБАЗіК, але Аляксандр Фрыдман звяртае ўвагу на іншую дэталь:

«Там ніякіх партрэтаў Лукашэнкі не было. То бок яны цалкам арыентаваныя на Расею, разглядаюць сябе ў рэчышчы Расеі».

Паводле экспертаў, рэпрэсіі з рознай інтэнсіўнасцю будуць працягвацца да канца рэжыму Лукашэнкі. Андрэй Шарэнда сцвярджае, што для вызвалення ягонай жонкі, як і іншых палітвязняў, неабходна размаўляць з рэжымам моваю сілы:

«Заклікаю ўсе міжнародныя арганізацыі сачыць за лёсам Паліны і рабіць усё, каб Паліна і іншыя палітвязні як мага хутчэй выйшлі на волю. Трэба рабіць менавіта тое, каб вызваліць палітвязняў шляхам ціску. Ніякіх саступак рэжыму не мусіць быць – гэта нашая жорсткая пазіцыя. І гэта пазіцыя ў тым ліку і Паліны».

Паводле Андрэя Шарэнды, менавіта за гэтую пазіцыю карнікі і катуюць Паліну ў зняволенні.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама