Навошта беларусам патрэбны «чырвоны дзень календара»?

Беларусь засталася адзінай краінай, што афіцыйна адзначае дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта такое свята, якое сёння не мае нейкай ідэалагічнай скіраванасці. Вось была такая савецкая традыцыя. А савецкае ва ўспрыманні Лукашэнкі – гэта звычайна добрае», – разважае гісторык Аляксандр Фрыдман.

На думку Фрыдмана, значная частка грамадства не паглыбляецца ў гістарычныя нюансы сэнсу гэтага свята. Падобна, не замінаюць беларусам і іншыя адзнакі савецкага мінулага: назвы вуліцаў і шматлікія помнікі камуністычным дзеячам. Камуністычная спадчына, аднак, не бяскрыўдны артэфакт мінулага, як вынікае з нашай размовы з гісторыкам Святланай Куль-Сяльверставай. На ейную думку, савецкая эпоха патрабуе крытычнай пераацэнкі.

«Мы ўжо маем досвед. Тыя ж самыя дзевяностыя гады, калі не была праведзеныя да канца дэкамунізацыя і люстрацыя. І кадры пераселі ў іншыя крэслы. І мы маем тое, што мы маем», – кажа Святлана Куль-Сяльверстава.

На аскепках савецкай ідэалогіі і з дапамогаю савецкіх кадраў Лукашэнка здолеў збудаваць сваю сістэму, з пяцігодкамі і піянерамі. І з вялікай колькасцю палітзняволеных. Пасля падзеяў 2020-га года рыторыка адносна апанентаў рэжыму робіцца ўсё больш агрэсіўнай. Адначасова дзяржаўныя СМІ пачалі апраўдваць злачынствы савецкай улады. Вось, напрыклад, што напісала «Мінская праўда» пра Курапаты акурат напярэдадні сёлетніх угодкаў Кастрычніцкага перавароту.

«Расстрэлы ў Курапатах бывалі. Але расстрэльвалі беларусаў нямецкія фашысты і іхныя мясцовыя папіхачы з бел-чырвона-белай павязкай на рукавах», – піша карэспандэнт праўладнай газеты.

Беларусам пасля змены рэжыму давядзецца зрабіць падвойную працу для пераасэнсавання свайго мінулага, кажа гісторык Аляксандр Фрыдман.

«Чаму адбыўся першы савецкі перыяд і чаму пасля яго Беларусь пайшла неасавецкім шляхам з усталяваннем рэжыму Лукашэнкі – гэта пытанні, на якія трэба адказаць. Бо такія адказы – падмурак, неабходны для пабудовы дэмакратычнага грамадства», – мяркуе Аляксандр Фрыдман.

Развіццё дэмакратыі не магчымае без асуджэння таталітарнага мінулага. Але пакуль беларускае грамадства да радыкальнай дэкамунізацыі не гатовае, мяркуе гісторык. А вось у суседняй Украіне гэты працэс актывізаваўся падчас Рэвалюцыі Годнасці. Гэта здарылася не адразу. Спатрэбіўся час, каб данесці да грамадства праўду пра злачынствы камуністычнага рэжыму, якую раней хавалі ў архівах.

«Гэта здарылася падчас прэзідэнцтва Юшчанкі, дзякуючы якому і чалавецтва, і самі ўкраінцы масава пачулі праўду пра Галадамор – знішчэнне праз голад мільёнаў украінцаў. Катаванне голадам – мабыць, найжахлівейшае катаванне ў свеце. І пасля гэтага шмат хто ва Украіне пачаў цікавіцца ўласнай гісторыяй і роляй у ёй камуністаў», – кажа ўкраінскі палітолаг Яўген Магда.

Камуністычныя помнікі маюць быць прыбраныя і з вуліцаў беларускіх гарадоў, мяркуе Святлана Куль-Сяльверстава. А 7-га лістапада варта пакінуць.

«Для беларусаў гэта адназначна свята. Мы можам святкаваць, што імперыя чарговы раз ляснулася. Пачаўся працэс яе развалу. Кастрычнік 1917 года пацягнуў за сабой з’яўленне БНР і ўзмацненне беларускага руху», – тлумачыць Святлана Куль-Сяльверстава.

На думку гісторыка, «чырвоны дзень календара» мае быць пераасэнсаваны і напоўнены беларускім зместам.

Валянцін Васіленка, Ян Федаровіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама