Утрая болей камераў назірання з’явіцца на вуліцах Менску. Найперш іх усталююць на ўсіх участках для галасавання на выбарах 2024 года. Маўляў, гэта дапаможа правесці празрыстыя і бяспечныя выбары.
«Калі гэта будзе ўэб-трансляцыя таго, што адбываецца на выбарчым участку – акей, добра, можа, нават паспрыяе празрыстасці выбарчага працэсу. Але штосьці ў мяне ёсць сумневы. Я да канца не разумею, у якой такой небяспецы знаходзяцца грамадзяне на выбарчых участках, каб там патрэбныя былі гэтыя камеры», – абураецца спецыяльны дарадца Святланы Ціханоўскай у справе выбараў Аляксандр Шлык.
Паводле звестак нашага эксперта, відэаназіраннем на выбарах карысталіся Азербайджан, Расея, Грузія, Украіна, Албанія, Сьера-Леонэ і Калумбія. «Гледзячы на гэты спіс краінаў, бачна, што гэта не тыя краіны, у якіх усё добра з выбарамі. Камерамі карыстаюцца часцей за ўсё для таго, каб зрабіць уражанне таго, што працэс празрысты і што працэс пад кантролем», – тлумачыць Аляксандр Шлык.
Мэта відэаназірання ў Беларусі – у тым ліку знайсці актывістаў і пратэстоўцаў, у чым уладам дапамагае сістэма распазнавання твараў «Kipod». Паводле ініцыятывы былых сілавікоў «BELPOL», да сістэмы падключаныя тысячы камераў краіны, а доступ маюць амаль усе ведамствы, датычныя да палітычных рэпрэсіяў.
«Яны для гэтага і робяць усё болей і болей камераў, і праз гэта будуць прыходзіць звесткі на пастаяннай аснове. Грамадству трэба разумець, што ўсе іх дзеянні, калі яны не прытрымліваюцца захадаў бяспекі, будуць зафіксаваныя», – мяркуе прадстаўнік «BELPOL» Мацвей Купрэйчык.
У красавіку сталіца мела каля 6 тысяч камераў назірання, уключаных у так званую Рэспубліканскую сістэму маніторынгу грамадскай бяспекі.
Назіранне за грамадзянамі рэгулюе Закон аб аператыўна-вышуковай дзейнасці. Сачыць за чалавекам праз камеру можна толькі тады, калі справа на яго ўжо заведзеная, з дазволу пракурора. Але тут жа ў другім параграфе ўдакладненне, што гэта не датычыць відэаназірання ў грамадскіх месцах.
«Беларуская ўлада працуе паводле адной і той жа схемы. Яны заўсёды падмяняюць паняцці і лічаць, што калі чалавек мае нейкі іншы погляд і пратэстуе супраць улады, то ён злачынец. Яны падводзяць гэта пад артыкулы Крымінальнага кодэксу», – лічыць Мацвей Купрэйчык.
Але відэаназіранне нясе небяспеку для правоў чалавека не толькі ў краінах з аўтарытарным рэжымам. Карпарацыі па ўсім свеце выкарыстоўваюць распазнаванне твараў у сваіх мэтах.
Напрыклад, некаторыя супермаркеты гэтак аналізуюць наведнікаў – іхны ўзрост, пол і нават настрой. Гэта ў тым ліку тэхналогія распазнання эмоцыяў. Ужо ёсць білборды, якія мяняюць рэкламу ў залежнасці ад таго, хто праходзіць побач.
«Відавочна хочуць вызначыць, ці задаволены чалавек прыйшоў, ці задаволены прыйшоў. У якім стане ён цяпер і што яму ў гэты момант лепш за ўсё падсунуць. Калі мы гэтага не кантралюем, то перастаем кантраляваць увогуле сваё прыватнае жыццё», – упэўнены кіраўнік юрыдычнай практыкі «Роскомсвободы» Саркіс Дарбінян.
У чэрвені еўрадэпутаты падтрымалі забарону на карыстанне распазнаваннем твараў. Знайсці злачынцу або зніклага чалавека праз відэаназіранне можна будзе толькі праз суд. Гэта першы ў свеце заканадаўчы акт, які рэгулюе штучны інтэлект. Яго Еўрапарламент яшчэ мусіць узгадніць на перамовах з краінамі Еўразвязу.
Яна Шэк, «Белсат»