Галоўнай тэмай найбуйнейшай еўрапейскай канферэнцыі стала вайна ва Украіне і звязаны з ёю крызіс у Еўропе

Каля пяці тысяч удзельнікаў і больш за чатырыста тэмаў для дэбатаў і дыскусіяў на трох сотнях імпрэзаў. У польскім Карпачы завяршыўся трыццаць першы эканамічны форум. Галоўнай тэмай найбуйнейшай еўрапейскай канферэнцыі чакана стала вайна ва Украіне і звязаны з ёю крызіс у Еўропе.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гісторыя паскорылася. І мы пасля сутыкнення з гэтым айсбергам у выглядзе газавага шантажу Пуціна мусім знайсці адпаведны адказ. Правільным адказам мае быць энергетычная і кліматычная перабудова», – падкрэсліў ва ўступнай прамове прэм’ер краіны-гаспадыні Матэўш Маравецкі.

Тры бакі крызісу: энергетычны, інфляцыйны і крызіс бяспекі – пералічыў ён у сваёй прамове і адзначыў, што ва ўсіх гэтых галінах расейская вайна выклікала сурʼёзныя змены, але прыкметы крызісу былі бачныя ўжо год таму ў сувязі з сітуацыяй у Беларусі. Хоць нашая краіна сёлета і не была галоўнай тэмай, беларускія прадстаўнікі дэмакратычных сілаў лічаць удзел у форуме важнай магчымасцю трымаць Беларусь на парадку дня Еўропы.

«Апошнім часам тэматыка Беларусі паменшылася ў еўрапейскай і сусветнай прасторы. Для нас вельмі важна выкарыстоўваць буйнейшыя знешнепалітычныя, знешнеэканамічныя мерапрыемствы, каб звяртаць увагу на тое, што адбываецца ў Беларусі», – падкрэсліў удзельнік форуму, кіраўнік народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Некалькі панэляў форуму былі цалкам прысвечаныя Беларусі. У зоне газеты «RzeczPospolita» сваю «Стратэгію выхаду з палітычнага крызісу ў Беларусі» рэпрэзентаваў Валерый Цапкала разам з паплечнікамі з Форуму дэмакратычных сілаў. Яна палягае на вяртанні ўлады народу і стварэнні нацыянальнага савету – прататыпу будучага парламента.

«Мы верым, што ўрад і палітычныя сілы мусяць сыходзіць ад народу. Людзі – адзіная легітымная крыніца палітычнай сілы. Ніякая ўлада, ані прэзідэнт не можа быць самаабвешчаным. Для нас гэта аксіёма», – кажа Валерый Цапкала.

Гучала беларускае пытанне і падчас абмеркавання санкцыйнай палітыкі Еўразвязу ў дачыненні Расеі.

«Спадарыня Радзіна вельмі слушна падняла пытанне наконт прапарцыйных санкцыяў, наконт таго, што Беларусь фактычна ёсць шэрай зонай і магчымасцю для суагрэсара Лукашэнкі зарабляць на гэтай вайне», – адзначыў прадстаўнік Каардынацыйнай Рады і НАУ Валер Мацкевіч.

Беларуская дэлегацыя праводзіла на форуме пераважна дыпламатычную працу, падкрэслівае прадстаўнік кабінету Святланы Ціханоўскай у эканоміцы Алесь Аляхновіч. І нагадвае, што летась каманда дэмакратычнай лідаркі Беларусі падчас форуму дамовілася пра адкрыццё гарантыйнага фонду для беларускага бізнесу за мяжой. Сёлета перамовы працягваюцца.

«На гэтым форуме мы правялі некалькі сустрэчаў з кіраўніцтвам або галоўнымі эканамістамі буйных польскіх банкаў і фінансавых фондаў і размаўлялі ў тым ліку пра магчымасць, каб гэтыя фонды і банкі падтрымлівалі беларускі бізнес за мяжой, каб яны маглі выдзяляць асобныя праграмы для беларускага бізнесу, каб прынамсі гэты працэс ужо пачаўся», – кажа Алесь Аляхновіч.

Для дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасці маюць быць выкарыстаныя і інструменты нацыянальных урадаў еўрапейскіх краінаў, судовыя сістэмы, найперш прынцып універсальнай юрысдыкцыі, каб пакараць тых, хто вінаваты ў ґвалце супраць беларусаў. Удзельнікі форуму хочуць пашырэння персанальных санкцыяў супраць памагатых рэжыму, але і адзначаюць важнасць дастасавання іх да адпаведных асобаў. Менавіта міжнародныя сустрэчы, падобныя гэтай – добрае месца для дыскусіяў і прасоўвання сваіх ідэяў.

«Беларусь не можа вызначаць такія рэчы на дзяржаўным узроўні, беларуская дзяржава, дзяржаўныя органы ўлады сёння таксічныя, ніхто іх не запрашае, ніхто з імі не хоча весці размовы. Таму замест іх выступаюць прадстаўнікі дэмакратычнага руху або прадстаўнікі сумленнага бізнесу – і яны тут таксама ёсць», – адзначае Алесь Аляхновіч.

Падвышае цікаўнасць на форуме да беларускай тэмы жнівеньская канферэнцыя дэмакратычных сілаў у Вільні, падчас якой быў створаны Адзіны пераходны камітэт. У Карпачы яго ўдзельнікі абвясцілі пра першую пастанову – пра абарону незалежнасці і суверэнітэту рэспублікі Беларусь. У ёй заяўляецца галоўны прыярытэт Кабінету.

«Што сёння Беларусь акупаваная расейскімі войскамі, што Лукашэнка пагадзіўся з тым, што з тэрыторыі Беларусі ажыццяўляецца агрэсія ў бок Украіны. Што наш Пераходны кабінет мусіць займацца дапамогай у барацьбе ўкраінскага народу і дапамагаць добраахвотнікам, беларускаму партызанскаму руху ў Беларусі дэакупаваць тэрыторыю Беларусі. Што мы маем права прадстаўляць Беларусь на міжнароднай арэне», – пералічвае Павел Латушка.

Прадстаўнікі беларускай дэлегацыі разлічваюць, што Еўропа не спыніць дапамогу дэмакратычным сілам. Лозунг сёлетняй сустрэчы: «Еўропа перад новымі выклікамі». Ці застанецца дэмакратызацыя Беларусі адным з такіх выклікаў, залежыць і ад беларусаў, і ад Еўропы.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама