Беларускую лацінку забароняць?

Назвы вуліцаў і населеных пунктаў будуць транслітараваць з выкарыстаннем расейскай мовы? У адміністрацыі Лукашэнкі сёння нібыта абмяркоўвалі мэтазгоднасць выкарыстання беларускай лацінкі ў транслітарацыі на табліцах і ў транспарце. Маўляў, грамадзяне звяртаюцца і просяць разабрацца з гэтым пытаннем. Але нездаровую цікавасць да беларускай лацінкі ўзняла менавіта прапаганда.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Прапагандысты супраць беларускай лацінкі. Рупары рэжыму транслююць ідэю, што лацінку прыдумалі і ўвялі так званыя нацыяналісты, каб зрабіць беларускую мову больш падобнай да польскай. Але гістарычна беларусы карысталіся і лацінкай, і кірыліцай, кажа наш эксперт. Сярод іх – як каталікі, гэтак і праваслаўныя.

«На пачатку стагоддзя нашыя першыя выданні, у тым ліку «Наша доля» і «Наша ніва» і газета «Гоман», якая выходзіла падчас першай нямецкай акупацыі, выходзілі ў двух варыянтах. Таму што каталікі многія не ўмелі чытаць кірыліцай і наадварот», – патлумачыў культуролаг Васіль Дранько-Майсюк.

Да 1926 года ішлі зацятыя спрэчкі, які з алфавітаў мусіць дамінаваць. Шматлікія вядомыя беларускія дзеячы, у тым ліку Зміцер Жылуновіч і Якуб Колас, выступалі менавіта за лацінку. Затым гэтая тэма пад ціскам савецкіх уладаў сышла з парадку дня. У Крамлі не маглі дапусціць намёку на заходні арыенцір Беларусі. З 1930 года пра лацінку нельга было казаць зусім. Цяпер сітуацыя паўтараецца.

«Той, хто сёння кіруе краінай, імкнецца знівеляваць адрозненні паміж беларусамі і рускімі, паміж усім, што ёсць беларускае з тым, што ёсць рускае. І ў рэшце рэшты супакоіцца ў сваім перакананні, што беларусы гэта таксама рускія», – адзначыла літаратуразнаўца Наталля Русецкая.

Такія захады, паводле экспертаў, можна лічыць папулізмам. Рэжым Лукашэнкі імкнецца даказаць старэйшаму брату сваю адданасць. Але казаць пра забарону беларускай мовы ўвогуле не варта. Уладам неабходна зрабіць выгляд, што Беларусь не страціла сваёй ідэнтычнасці, а значыць, і незалежнасці.

«Іншая штука, што могуць быць дробныя падколкі, дробныя моманты, якія будуць наносіць шкоду, будуць наносіць раны, драпіны. Але гэта не нешта такое незваротнае. Трагічна, калі падпішацца загад, што мы частка Расеі», – дадаў Васіль Дранько-Майсюк.

Якое рашэнне было прынятае наконт выкарыстання беларускай лацінкі ў назвах, невядома. Адметна, што БелТА раніцай апублікавала навіну пра выкарыстанне расейскай мовы замест беларускай пры транслітарацыі геаграфічных назваў. Але пазней выдаліла. Адпаведная інфармацыя знікла і з тэлеграм-каналу праўладнага агенцтва.

Ірына Юр’ева, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама