У Грузіі адклікаюць скандальны законапраект аб замежных агентах

Грузінскі народ выразна выказаў сваю пазіцыю. Ініцыятары скандальнага законапраекту аб замежных агентах адклікалі яго з парламенту і выпусцілі супольную заяву.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«На законапраект быў налеплены ілжывы ярлык “расейскага закону”, а яго прыняцце ў першым чытанні было прадстаўленае ў вачах часткі грамадскасці як адыход ад еўрапейскага курсу».

Рэальны стан рэчаў, схаваны за гэтаю фармулёўкаю, – крыху іншы, упэўнены наш эксперт Гія Нодыя.

«Акрамя тых людзей, якія выходзілі на вуліцы, крытыка закону ішла адусюль. Ад тых людзей, якія да таго пазбягалі любой крытыкі ўлады. Шмат хто быў прыхільнікам “Грузінскай мары”. Фактычна ўлада апынулася ў маральнай ізаляцыі».

Днямі ў першым чытанні грузінскі парламент прыняў законапраект «Аб празрыстасці замежнага ўплыву». Яго сутнасць у наступным:

«Агентамі замежнага ўплыву прызнаюцца некамерцыйныя арганізацыі і медыі, у якіх больш за 20 % гадавога даходу складае замежнае фінансаванне».

Штогод так званыя агенты былі б абавязаныя падаваць адпаведную падатковую дэкларацыю. За невыкананне – штраф каля 10 тысяч долараў. У другім чытанні мусіла быць прынятая версія законапраекту «Аб рэгістрацыі замежных агентаў», які прадугледжвае ў тым ліку крымінальную адказнасць да 5 гадоў зняволення за яго невыкананне. Галасаванне аб ім мусіла адбыцца сёння. Але не адбылося. Незалежны эксперт у справах СНД Аркадзь Дубноў кажа:

«Галоўным бенефіцыярам гэтага была б Расея. Цяперашні кіроўны рэжым у Расеі атрымаў бы сур’ёзную геапалітычную, можа быць часовую, але перамогу на Паўднёвым Каўказе. Таму як адна з ключавых краінаў рэгіёну, што была нацэленая на ўзʼяднанне з еўрапейскім шляхам развіцця, яна пазбавілася б магчымасці ісці па гэтым шляху».

Лабіяванне прарасейскіх законаў звязваюць з асобай грузінскага алігарха і былога прэмʼер-міністра Грузіі Бідзыны Іванішвілі. Гія дадае:

«У апошнія гады ён пабачыў, што еўраінтэграцыя рэальна патрабуе дэмакратыі, а дэмакратыя патрабуе гатоўнасці сысці з улады, калі ён страціць падтрымку».

Калі Грузіі ўдасца пазбавіцца моцнага расейскага ўплыву, краіна пры пэўных умовах зможа выйсці на новы ўзровень развіцця, сведчыць эксперт у справах СНД Аркадзь Дубноў:

«Месца Грузіі вось у гэтым вузле паўднёва-каўказскіх дзяржаваў. У гэтым транспартавым камунікацыйным хабе, які можа сапраўды прывесці да эканамічнага адраджэння, росквіту Грузіі. Гэта разам з Арменіяй, Азербайджанам, Турцыяй. Вось тут уплыў Захаду праз выбудоўванне гэтага хабу можа быць дастаткова выразнай альтэрнатывай».

Згодная з гэтым і грузінская апазіцыя, якая не збіраецца спыняць пратэстаў:

«Мы гатовыя працягваць пратэсты, таму што гаворка ідзе не пра канкрэтныя арганізацыі, а пра еўрапейскія і еўраатлантычныя памкненні Грузіі. І мы не збіраемся ставіць гэтае пытанне пад сумнеў. Гэта незваротны шлях Грузіі».

За два дні пратэстаў у Грузіі затрымалі больш за 130 чалавек. Сярод пратэстоўцаў ёсць збітыя і параненыя гумовымі кулямі.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама