Мінімум тэхнікі і шпіц на трыбуне: у Маскве прайшоў Парад перамогі

Не па-травеньску халоднае надвор’е і мінімум вайсковай тэхнікі. На Парадзе перамогі ў Маскве сёлета, як і летась, з танкаў браў удзел толькі Т-34 часоў Другой сусветнай вайны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Да таго ж на Красную плошчу выкацілі каля шасці дзясяткаў адзінак браняванай тэхнікі. А ў небе праляцелі 15 баявых самалётаў. Агулам гэта антырэкорд у сучаснай гісторыі Расеі.

А вось урачыстая рыторыка Пуціна амаль не змянілася. Акрамя традыцыйных згадак пра перамогу ў гэтак званай Вялікай Айчыннай вайне, ён казаў пра вайну ва Украіне і супрацьстаянне з непрыязным Захадам.

Не абышлося і без тэмы ядравай зброі. Пра супольныя вучэнні згадалі і Пуцін, і Лукашэнка.

«Гэта натуральныя паводзіны для людзей, якія, па-першае, ужо ў крыві – не тое, што па калена, – па шыю. А па-другое, відавочна, што не збіраюцца ісці на нейкія саступкі і будуць працягваць праводзіць агрэсіўную палітыку», – мяркуе палітолаг Павел Усаў.

Лукашэнка на сёлетнім Парадзе перамогі ў Маскве быў не адзіным замежным госцем. Кампанію Пуціну ў гэты дзень склалі лідары іншых постсавецкіх краінаў: Казахстану, Кыргызстану, Таджыкістану, Туркменістану і Узбекістану. З дальняга замежжа ў Маскву прыехалі толькі прэзідэнты Кубы, Лаосу і Гвінеі-Бісаў.

На трыбунах на Краснай плошчы падчас параду заўважылі і яшчэ аднаго замежнага госця – гадаванца Лукашэнкі, шпіца Умку. А вось прэмʼер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян сёлета святкаванне 9-га траўня ў Маскве прапусціў. Пасля саміту ЕАЭС, які напярэдадні прайшоў у расейскай сталіцы, і сустрэчы з Пуціным палітык вярнуўся ў Ерэван. Маўляў, ён не думае, што мусіць браць удзел у святкаваннях штогод.

У адрозненне ад Пашыньяна, Лукашэнка ўжо другі год запар на 9-га траўня ў Маскве. Прычым летась ён застаўся на парад, нягледзячы на яўныя праблемы са здароўем. Журналісты тады звярнулі ўвагу на ягоную забінтаваную руку. Да таго ж Лукашэнка не здолеў прайсці і трохсот метраў – на цырымонію ўскладання кветак і вянкоў яго везлі электрамабілем. Імаверна, сёлета сітуацыя паўтарылася.

Аляксандр Лукашэнка на парадзе 9 траўня ў Маскве. Фота: president.gov.by

У Менску парад на 9-га траўня апошні раз Лукашэнка ладзіў у 2020-ым годзе.

«Паступова гэтае “пабедабесіе” (як сёння часта кажуць) стала асноўным элементам прапаганды і ідэалогіі РФ. І Расея вярнула сваю манаполію, не дазваляючы нікому з гэтага карыстацца. У першую чаргу, для Лукашэнкі», – адзначыў Павел Усаў.

Хоць і без Лукашэнкі, але ў Менску пачалі святкаваць 9-га траўня яшчэ з раніцы. Традыцыйна – з ускладаннем кветак, канцэртамі, народнымі гуляннямі. І ўсё гэта пад наглядам сілавікоў. Лукашэнка да святкаванняў у Менску далучыўся толькі ўвечары. Разам з паплечнікамі ён усклаў вянкі да манументу Перамогі.

Ірына Юрʼева, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама