Ці выканалі чыноўнікі загад Лукашэнкі адрамантаваць дарогі?

Год якасці крочыць па Беларусі. Чыноўнікі кінуліся выконваць загад Лукашэнкі – рамантаваць дарогі да 9 траўня. Чаму беларускія дарогі з колішняга сімвалу якасці ператварыліся ў галаўны боль кіроўцаў?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Загад адрамантаваць дарогі 11-га сакавіка Лукашэнка даў асабіста прэм’ер-міністру. Чыноўнікі кінуліся выконваць. МУС зрабіла чат-бот наконт праблемных дарог, праўладныя медыі кінуліся справаздачыцца пра іх рамонт.

Яшчэ нядаўна якасць дарог лічылася ці не нацыянальным дасягненнем. Але чаму дайшло да таго, што Лукашэнка асабіста займаецца гэтым пытаннем? Адна з імаверных прычынаў – сама сістэма.

«Гэтыя дарожныя службы і ўвогуле ўсе службы павінныя рэагаваць на запыт знізу. У нас атрымліваецца, што выбудаваная вертыкаль улады, і гэтыя дарожнікі ды ўвогуле ўсе службы рэагуюць у асноўным, толькі калі зверху паступае нейкі загад», – зазначае каардынатар Беларускай экспертнай сеткі «Наше мнение» Зміцер Кухлей.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. У Горадні праваліўся ўчастак дарогі. Горадня, Беларусь. 4 ліпеня 2021 года. Фота: AutoGrodnoBY / Telegram

Даецца ў знак і нястача грошай.

«Вялікая колькасць грошай выдзялялася якраз Еўразвязам, Захадам ды іншымі краінамі на будаўніцтва дарог. Цяпер гэтага не адбываецца. Трэба рабіць гэта за свой рахунак, а грошай на гэта няма. Чыноўнікі ўсё раскрадаюць, на якасць ім пляваць», – зазначае прадстаўнік «Рабочага руху» Аляксандр Сакалоў.

Яскравы прыклад – тэлефонная размова, запіс якой «Белсат» атрымаў ад «Кіберпартызанаў». Менскія чыноўнікі падганяюць дарожнікаў, і тыя вымушаныя парушаць тэхналогію. І гэта не адзіны прыклад, на нядбайнасць дарожнікаў наракаюць у розных рэгіёнах.

Чаму рамонтнікі дазваляюць сабе такое нядбайства? Бо адказнасці за якасць яны не нясуць, кажа Аляксандр Сакалоў.

«Рабочы рух неаднаразова штудыяваў розную дакументацыю, і ў нарматыўных актах мы не знайшлі ніякіх гарантыйных тэрмінаў. І, адпаведна, вельмі зручна, калі няма гарантыі на прадукт, што вырабляецца, вельмі зручна працаваць. Гэта значыць, не важна, калі ён разваліцца, можна ўвесь час працягваць пілаваць грошыкі».

Аднак чыноўнікі на чале з Лукашэнкам працягваюць ківаць на надворʼе. Падобныя заявы крытыкі не вытрымліваюць, зазначаюць у «Рабочым руху». Бо ў свеце ёсць краіны з яшчэ горшым надворʼем, але з добрымі дарогамі.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама