Як хлусіць Крэмль пра ўдар па дзіцячай больніцы ў Кіеве?

Амаль содні вяліся аварыйна-ратаўнічыя працы на месцы трапляння ракеты ў кіеўскі дзіцячы шпіталь «Ахматдыт». На 18 гадзіну колькасць загінулых сягнула 33. 117 асобаў лічацца параненымі. Усяго ад учарашніх атак ва Украіне загінулі 43 мірныя жыхары.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Расея не ўзяла на сябе адказнасці за нанесеныя па цывільнай інфраструктуры ўдары.

«Я заклікаю вас кіравацца заявай міністэрства абароны абароны Расейскай федэрацыі, якая абсалютна выключае, што мелі месца ўдары па нейкіх грамадзянскіх цэлях. І ў якой пазначана, што гаворка ідзе пра падзенне антыракеты», – заявіў прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў.

Аднак словы Дзмітрыя Пяскова зняпраўджваюцца відэа, зробленымі сведкамі атакі. На кадрах вайсковыя адмыслоўцы распазналі ракету Х-101.

«Выразна бачныя контуры ракеты. Гэта і такі закруглены нос ракеты. Плюс элементы хваставой часткі абсалютна выразна паказваюць на тое, што ракета, якая ўдарыла па дзіцячай клініцы “Ахматдыт”, гэта была ракета х-101, запушчаная з расейскага бамбавіка ТУ-95», – кажа вайсковы аглядальнік, палкоўнік запасу ЗСУ, экс-спікер Генштабу ЗСУ Уладзіслаў Селязнёў.

Да таго ж, падчас разбору завалаў былі знойдзеныя аскепкі ўдарнага снараду.

«Яны падчас разбору завалаў выявілі шэраг абломкаў гэтых самых ракетаў Х-101 з інвентарнымі нумарамі і іншымі тэхналагічнымі адзнакамі, якія зусім выразна верыфікуюць абломкі гэтых ракетаў», – тлумачыць Уладзіслаў Селязнёў.

Дзіцячы шпіталь у Кіеве, які абстралялі расейскія войскі. Крыніца: Національна поліція України / Facebook

Міжнародная супольнасць зрэагавала на расейскі ўдар. На запыт ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі, Славеніі ды Эквадору, Рада бяспекі ААН правяла паседжанне. У сваім выступе Антонью Гутэрыш назваў атаку на дзіцячы шпіталь шокавай, аб чым заявіў ягоны прэс-сакратар Стэфан Дзюжаррык:

«Атакі на мірных жыхароў і цывільныя аб’екты забароненыя міжнародным гуманітарным правам, і любыя такія атакі непрымальныя і мусяць неадкладна спыніцца!»

Падтрымаць Украіну ва ўмацаванні абароны абяцаў і прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. Сустрэча двух лідараў мае адбыцца падчас юбілейнага саміту NATO у Вашынгтоне, што праходзіць найбліжэйшымі днямі.

«Разам з нашымі саюзнікамі мы абвесцім новыя захады ўзмацнення супрацьпаветранай абароны Украіны, каб дапамагчы абараніць іх гарады і цывільнае насельніцтва ад расейскіх удараў. Злучаныя Штаты стаяць з народам Украіны», – заявіў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.

Не засталіся абыякавымі да ўкраінскай трагедыі і звычайныя людзі. У розных еўрапейскіх гарадах адбываюцца акцыі жалобы і салідарнасці. Кветкі да помніку паэткі Лэсі Украінкі неслі і ў Маскве. Праўда, іх хутка прыбіралі праўладныя актывісты, а пазней там стала дзяжурыць паліцыя. У Празе расейскае пасольства аблілі чырвонай фарбай, што імітуе кроў загінулых у самым смяротным за апошнія месцы нападзе.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама