Праз паўгода беларусаў змогуць пазбаўляць грамадзянства

На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавалі папраўкі, ухваленыя Лукашэнкам, у Закон «Аб грамадзянстве», што ўносяць змяненні як у працэдуру прыняцця, гэтак і ў працэдуру пазбаўлення грамадзянства.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Зрэшты, практыка адбіраць грамадзянства – зусім не новая для нашае краіны. І была прадугледжаная для асобаў, якія набывалі яго не праз нараджэнне.

«Напрыклад, калі асоба паступае на дзяржаўную ці вайсковую службу за мяжой. Што ў прынцыпе ёсць агульнапрынятай практыкай у свеце. Таксама прадугледжвалася, што грамадзянства можа быць страчанае асобамі, прынятымі ў грамадзянства, калі яны здзейснілі злачынства экстрэмісцкай скіраванасці», – тлумачыць намеснік прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе транзіту ўлады Арцём Праскаловіч.

Аднак цяпер грамадзянства змогуць забіраць і ў беларусаў, асуджаных паводле гэтак званых экстрэмісцкіх артыкулаў. Нават калі асоба была за мяжою.

«Пазбаўленне грамадзянства – гэта не пакаранне за здзейсненыя злачынствы, названыя ў законе. Пакаранне прадугледжвае вырак суда, што ўвайшоў у законную сілу. Само пазбаўленне грамадзянства – гэта не дадатковае пакаранне, гэта фактычнае пацвярджэнне страты сувязі грамадзяніна з дзяржаваю», – заявіла дэпутатка і намесніца старшыні камісіі правоў чалавека, нацыянальных дачыненняў і медыяў Лілія Ананіч.

Фактычна беларусаў, якія мусілі пакінуць Радзіму праз пераслед і рызыку быць зняволенымі, могуць зрабіць асобамі без грамадзянства. Міжнароднае права адназначна забараняе пазбаўляць людзей грамадзянства, калі яны не маюць іншага. Супярэчыць гэта і ўнутраным законам.

«Тут пытанне рытарычнае, як гэта сумяшчаецца з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, якая не тое каб двухсэнсоўна, а адназначна кажа пра тое, што грамадзянін Рэспублікі Беларусь, тым больш, паводле нараджэння… то бок, быў грамадзянінам паводле нараджэння, не можа быць пазбаўлены грамадзянства», – зазначае юрыст міжнароднага права Глеб Богуш.

Пакуль жа беларусы могуць разлічваць на атрыманне міжнароднай абароны ў краінах Еўрапейскага Звязу. Ці міжнароднага праязнога дакументу на аснове гуманітарнага віду на жыхарства, што цяпер стала магчымым у Польшчы.

«Міжнародны праязны дакумент не замяняе пашпарт, але ён дае магчымасць легальна быць у краіне, падарожнічаць, а самае галоўнае, ставіць туды візы», – кажа галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Аднак, як зазначае галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка, такога кшталту рашэнне – часовае і несістэмнае. Каб жа абараніць беларусаў у выпадку анулявання грамадзянства, прадстаўнікі дэмакратычных сілаў вядуць перамовы з еўрапейскімі лідарамі.

«Адным з развязкаў ёсць прызнаваць пашпарт нават, калі фармальна Лукашэнка абʼявіў яго нядзейным. То бок, калі ў тваім пашпарце да 2025 ці 2030 года тэрмін дзеяння, то гэты дакумент лічыць за аснову пры выдачы даведак, дакументаў, картаў побыту ў Польшчы», – распавядае Франак Вячорка.

Змяняецца і працэдура атрымання таго самага беларускага грамадзянства. У прыватнасці, асоба мусіць прыняць прысягу. Праўда, пакуль тэкст яе невядомы. Затое вядома, што ўзровень валодання адной з дзяржаўных моваў пры падачы заявы на грамадзянства будуць ацэньваць прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных справаў, Міністэрства замежных справаў праз узгадненне з Міністэрствам адукацыі.

«Відаць, у паліцэйскай дзяржаве ўсё мусіць быць узгодненае з Міністэрствам унутраных справаў, ГУБАЗіКам або Камітэтам дзяржаўнай бяспекі. Гэта чарговае праяўленне таго, што Беларусь жыве паводле законаў Оруэла», – мяркуе Арцём Праскаловіч.

Зменены закон аб грамадзянстве мае ўступіць у сілу праз паўгода пасля яго афіцыйнага апублікавання. То бок у ліпені 2023 года.

Марыля Дакуцька, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама