Кадравая ператасоўка: Лукашэнка замяніў гендырэктара тэлеканалу СТВ і двух міністраў

Новым міністрам адукацыі стаў 37-гадовы Андрэй Іванец. На гэтай пасадзе ён замяніў свайго былога начальніка Ігара Карпенку, які цяпер узначальвае Цэнтрвыбаркам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У 2020 годзе Іванец быў даверанай асобай Лукашэнкі падчас прэзідэнцкай кампаніі, праводзіў сустрэчы з патэнцыйнымі выбарнікамі. На адной з іх на пытанне пра заробкі настаўнікаў ён заявіў, што гэта не галоўнае, бо прафесія настаўнікаў – пакліканне. У далейшым Іванец апраўдваў гвалт у дачыненні ўдзельнікаў мірных пратэстаў ды падтрымліваў рыторыку пра гібрыдную вайну з Захадам.

«Ён арганічная частка дзяржапарату. І ў гэтым сэнсе чакаць нейкіх прынцыповых, якасных зменаў у галіне адукацыі няма ніякіх падставаў. Патрэбны чалавек з іншым светапоглядам», – мяркуе Таццяна Шчытцова, прадстаўніца офісу Святланы Ціханоўскай у пытанняў адукацыі і навукі.

На пасаду міністра сельскай гаспадаркі прызначаны Ігар Брыло, які дагэтуль быў намеснікам кіраўніка ведамства. Пасада гэта не асабліва прывабная, бо галіна застаецца стратнай у аб’ёмах экспартных тавараў, падкрэслівае адмыслоўца ў сельскай гаспадарцы, кандыдат эканамічных навук Пётр Мігурскі:

«Гэта вельмі трывожны званочак для работнікаў сельскай гаспадаркі, найперш для міністра. Трэба штосьці змяняць. Трэба змяняць стаўленне дзяржавы, трэба, каб дзяржава больш выдзяляла сродкаў. Гэта галоўная праблема, а прычына – у нас засілле калгасаў і саўгасаў былых».

Змяніўся кіраўнік і ў рупара прапаганды – генеральным дырэктарам тэлеканалу СТВ стаў Аляксандр Асенка. Дагэтуль ён працаваў на наваполацкім кабельным тэлебачанні «Вектар» і каардынаваў сайт novopolotsk.by.

«Не думаю, што палітыка тэлеканалу нейкім чынам зменіцца ад гэтага прызначэння. Тое, што выходзіць на канале цяпер, увогуле цяжка назваць журналістыкай. Гэта адкрытая прапаганда і заклікі да расправаў», – зазначае намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

Такім чынам, ад ператасоўкі кадраў чакаць нейкіх пераменаў не выпадае, бо ўсе новыя прызначэнцы – лаяльныя рэжыму людзі.

Марыля Дакуцька, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама