Лік ахвяраў землятрусу, што адбыўся ў панядзелак у Турцыі і Сірыі, працягвае расці

Паводле афіцыйных дадзеных, колькасць загінулых большая за дваццаць адну тысячу. Пры гэтым пад заваламі застаюцца людзі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пятыя содні працягваецца разбор завалаў. Ратавальнікі не спыняюцца ні днём, ні ноччу. Васьмігадовую Танэм дасталі з-пад абломкаў будынку, у якім яна жыла разам з сям’ёю. Выратавалі таксама ейнага бацьку і бабулю.

Фэра Дурмаз ідзе наведаць сваю васьмідзесяцідвухгадовую маці, якая таксама стала ахвяраю землятрусу. Жудасная трагедыя закранула практычна ўсіх чальцоў ейнай сямʼі.

«У першы дзень мая малодшая сястра з траімі дзецьмі была выратаваная. На другі дзень ратавальнікі выцягнулі целы маёй старэйшай сястры з ейным мужам. Гэта было так цяжка. Я маю на ўвазе, што я не магла стрываць і сказала сваім братам, каб яны ўратавалі і маю маці. Сказалі, што шукаюць яе. Я ніколі не губляла надзеі. Я верыла, што яна засталася жывая», – падзялілася Фэра Дурмаз.

Забыць той трагічны дзень жанчына наўрад ці зможа. Працяглы час яна правяла пад заваламі. У выніку давялося ампутаваць нагу.

Магутны землятрус з магнітудаю сем цэлых сем дзясятых закрануў паўднёва-ўсходнюю частку Турцыі і паўночна-заходнюю частку Сірыі. Разбураныя дзясяткі тысяч будынкаў: дамы, больніцы, школы. Больш чым сорак пяць дзяржаваў даслалі ў Турцыю пошукава-ратавальныя брыгады і гуманітарную дапамогу.

Сярод тых, каго шукаюць дагэтуль, ёсць і беларусы.

«Вось цяпер ізноў перачытвала чат. Адная сям’я з Хатаю. Піша жанчына, што яны скакалі з вокнаў, каб уратавацца. Муж заскочыў яшчэ ў хату і ўзяў торбачку з дакументамі і карткамі банкаўскімі. І цяпер яны даехалі дзесьці да Антальі і там іх прытулілі ў гатэлі», – расказала беларуская спявачка, жыхарка Стамбулу Таццяна Грыневіч.

Сёння пад заваламі ў турэцкім Кахраманмарашы знайшлі цела беларускі і ейнай непаўналетняй дачкі. Раней было вядома пра гібель ейнага мужа і яшчэ аднаго маленькага дзіцяці.

Колькі беларусаў агулам пацярпелі ад землятрусу – невядома.

Паліна Шандрак, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама