У Беларусі расце колькасць хворых на гепатыт А

У Беларусі – выбух гепатыту А. Гэткія звесткі атрымала ініцыятыва беларускіх медыкаў «Белыя халаты».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Міністэрства аховы здароўя публічна аб праблеме не заяўляла. Але, як кажуць прадстаўнікі ініцыятывы, яны атрымалі пацверджанне сваім меркаванням, што ў Беларусі з гепатытам А праблемы.

«У лістах, якія рассылаюцца ў лячэбныя ўстановы, Міністэрства аховы здароўя паведамляе пра актывізацыю эпідэмічнага працэсу віруснага гепатыту А на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ды звяртае ўвагу на неабходнасць зарганізаваць і пракантраляваць правядзенне санітарна-супрацьэпідэмічных захадаў».

Што ў Беларусі – магчымы выбух гепатыту А, стала вядома і з публікацыі парталу «Дэлфі». Паведамлялася, што за апошнія дні ў Латвіі зафіксавалі шэсць выпадкаў заражэння гэтаю хваробай у асобаў, якія ездзілі ў Беларусь.

Гепатыт А, ці, як яе яшчэ называюць, хвароба Боткіна – вострая вірусная інфекцыя печані. У адрозненне ад хранічнага віруснага гепатыту Бэ або Цэ, распаўсюджваецца найперш не праз кантакт з крывёю хворага, а праз ужыванне заражанай ежы і вады.

Загадчык кафедры інфекцыйных хваробаў Нацыянальнага ўніверсітэту аховы здароўя Украіны імя Шупіка Аляксандр Дуда кажа, што па ўсёй верагоднасці сцёкавыя воды, якія інфіцыраваны вірусам гепатыту, трапляюць у крыніцы водазабору, і яны ёсць той прычынай, якая перадае магчымасць заражацца чалавеку гэтым вірусам.

Сярод сімптомаў хваробы Боткіна – высокая тэмпература, болі ў жываце, слабасць, страта апетыту, дыярэя, млоснасць, пажаўценне вачэй і скуры. Найчасцей хварэюць маладзёны 14-ці – 25-ці гадоў.

Аляксандр Дуда тлумачыць:

«Дзеці значна лягчэй пераносяць гэта захворванне, чым людзі старэйшага ўзросту, таму што да старэйшага ўзросту ўжо маецца цэлы шэраг іншых захворванняў. А паводле Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у людзей ва ўзросце 50 гадоў і старэйшых вірусны гепатыт А працякае больш цяжка і можа даваць ускладненні».

Найбольш эфектыўная захада прафілактыкі гепатыту А – вакцынацыя. У Беларусі, праўда, бясплатна яе могуць атрымаць толькі дзеці, якія жывуць у Менску, і людзі, якія кантактуюць з хворым пацыентам. Астатнім пры жаданні давядзецца прышчапляцца платна.

Для гэтага трэба звярнуцца ў найбліжэйшую паліклініку. Што праўда, паводле «Белых халатаў», цяпер ёсць перабоі ў даставе вакцынаў. Магчымасць прышчапіцца ёсць і далёка не ўва ўсіх прыватных медычных цэнтрах, куды мы патэлефанавалі.

Кошт прышчэпкі ад гепатыту – 75 рублёў. Аднак, каб засцерагчыся ад перадачы віруса, варта памятаць і пра захаванне гігіены.

Не забывайцеся выконваць стандартныя правілы: мыйце рукі перад тым, як есці, не ўжывайце непамытай садавіны і гародніны. Калі ёсць паведамленні пра выбух захворвання, піце толькі гатаваную ваду.

Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама